3.68 BYN
2.98 BYN
3.42 BYN
Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці пачалі другі ўкос траў
Высокай ураджайнасці апошнімі днямі паспрыялі доўгачаканыя дажджы. У цэлым з пачатку сезона аграрыі ўжо нарыхтавалі амаль паўтара мільёна тон сенажу – 45 % ад плана. І калі касавіца дае максімум аддачы, збожжавыя культуры часткова пацярпелі ад працяглай засухі, і спецыялісты вырашаюць, якія ўчасткі неабходна перасяваць. З агракліматычнымі падрабязнасцямі Аляксей Кандраценка.
Пасля доўгачаканых дажджоў травы на палях Дзяржынскага раёна выраслі літаральна на вачах. Атрымаецца добрая кармавая база: карысныя ў малочнай жывёлагадоўлі ячмень з гарохам уперамешку даюць 150 цэнтнераў з гектара. Тое, што скасілі, зможа праляжаць не больш за тры гадзіны. Больш нельга: травы падсыхаюць і страчваюць сакавітасць. Таму перапынак на абед у механізатараў і вадзіцеляў - 15 хвілін, і зноў у поле! На скошаным полі адначасова пачынае расці і люцэрна. Да восені гэтая багатая бялком культура дасць яшчэ два ўраджаі. Такім чынам за сезон зямля дасць максімальную аддачу.
Таксама на высокую малочную выніковасць уплываюць і бабовыя культуры. Вось гэтая расліна так і называецца - кармавыя бабы. Вільгаці тут хапае, ураджай на гэтым полі пачнуць збіраць напрыканцы лета. У гаспадарцы «Фалька-Агра» надоі малака адны з самых высокіх у нашай краіне. Адна карова дае амаль 29 літраў за суткі. А шлях да такога малочнага алімпа пачынаецца менавіта на полі. Тут фарміруецца збалансаваны рацыён кармлення жывёл.
Падчас засухі ў гэтым месяцы многія ўчасткі палёў са збожжавымі падгарэлі. У выпадку, калі пасевы пацярпелі на 50 % і больш, убіраць іх на збожжа няма сэнсу, гавораць спецыялісты. Лепш на зернесенаж, а потым перасеяць. Канчатковае рашэнне аграрыі прымуць на гэтым тыдні, калі правядуць маніторынг пасеваў у кожным раёне Мінскай вобласці.















