5 чэрвеня Гродна прымае XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

5 чэрвеня Гродна прымае адно з самых маштабных і яркіх святаў краіны - XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Горад стане пляцоўкай для сустрэч прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей, якія пазнаёмяць гасцей са сваімі традыцыямі, творчасцю і рамёствамі.
Сёлета праграма прысвечана адразу двум юбілеям - 15-му фестывалю і 30-годдзю з дня заснавання форуму.
На працягу трох дзён фестывальныя мерапрыемствы ахопяць цэнтральныя пляцоўкі горада і Аўгустоўскі канал. Адной з самых відовішчных падзей стане традыцыйнае шэсце сяброўства. У адзінай калоне па цэнтры горада пройдуць каля 800 удзельнікаў фестывалю. На плошчы Леніна адбудуцца ўрачыстае адкрыццё і вялікі гала-канцэрт з удзелам нацыянальна-культурных аб'яднанняў Беларусі.
Асаблівае месца зоймуць нацыянальныя падвор’і, сёлета іх будзе 20. Кожнае пазнаёміць гасцей з культурай, звычаямі і народнай творчасцю. Майстры з усёй краіны прадэманструюць свае работы, правядуць выставы і майстар-класы. Многія спецыяльна рыхтавалі новыя вырабы менавіта да юбілейнага форуму.
Захавае свята і свае добрыя традыцыі: у Каложскім парку з'явяцца новыя дрэвы на Алеі сяброўства. У культурным цэнтры "Фестывальны" адбудзецца ўрачыстая закладка капсулы з пасланнем будучым пакаленням.
Завершыцца фестываль цырымоніяй узнагароджання ўдзельнікаў і канцэртам Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. А ў нядзелю, 7 чэрвеня, святочныя мерапрыемствы перамесцяцца на Аўгустоўскі канал. Тут адбудзецца фестываль "Скарбы Гродзеншчыны" і маштабная рэканструкцыя беларускага вяселля па старажытных традыцыях.







