Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў з Днём народнага адзінства
Дзень народнага адзінства - лёсавызначальнае свята, якое сімвалізуе нацыянальную, дзяржаўную, тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
У гісторыі чалавецтва не вельмі шмат дзяржаў, якія былі раз'яднаныя, але ўсё ж сталі адным цэлым. Рэспубліка Беларусь - яркі прыклад. Ідэя народнага адзінства прасяквае ўсю нашу гісторыю. Роўна 85 гадоў таму, 17 верасня 1939 года, адбыўся акт гістарычнай справядлівасці - уз'яднанне беларускіх зямель.
17 верасня мы разам (тэрытарыяльна і духоўна) самі вырашаем лёс свабоднай і незалежнай Радзімы. Са святам беларусаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка: "Гэта свята гістарычнай справядлівасці, якое сімвалізуе нацыянальнае адраджэнне Беларусі. 17 верасня 1939 года ажыццявілася адвечнае імкненне беларусаў жыць на сваёй тэрыторыі адзінай сям'ёй у міры і згодзе. З тых часоў мы засвоілі ісціну: каб заставацца незалежнымі, трэба быць моцнымі эканамічна, палітычна і духоўна".
Па словах беларускага лідара, 85 гадоў таму нашы продкі ўз'ядналіся дзеля стваральнай працы на карысць агульнай будучыні. Крок за крокам працоўнымі і ратнымі перамогамі, талентам і энергіяй мільёны людзей умацоўвалі дзяржаўнасць, сцвярджаючыся сярод народаў і культур як моцная духам і прагрэсіўная нацыя. "Сёння, калі краіна развіваецца і ўпэўнена ідзе наперад, асабліва важна беражліва захоўваць у сэрцах любоў і павагу да роднай зямлі. Толькі так агульнымі намаганнямі мы зможам перадаць нашчадкам гордае права беларусамі звацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.







