Больш за сотню ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі і Кітая ў афлайн- і анлайн-рэжыме сабраў 10-ты Міжнародны эканамічны форум у Оршы
Гэтымі хвілінамі ў Оршы ўдзельнікі эканамічнага форуму абмяркоўваюць пытанні імпартазамяшчэння і экспартнага патэнцыялу рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Кітая. Форум сабраў больш як сто ўдзельнікаў афлайн і анлайн.
Вольга Маслоўская перадае з месца падзей.
Бізнес-колы Беларусі, Расіі і Кітая на эканамічным форуме ў Оршы
Сёння Аршанскі раён супрацоўнічае з 27 рэгіёнамі розных краін. 14 з іх - гэта суб'екты Расійскай Федэрацыі, 5 - рэгіёны Кітайскай Народнай Рэспублікі. Не ўсе, але шматлікія дамовы аб супрацоўніцтве былі падпісаныя як раз падчас падобных форумаў. Юбілейны - дзясяты - выключэннем не стаў.
Цвер і Аршанскі раён сталі пабрацімамі
Сёння даўнія адносіны ў сферы культуры і сацыяльнага развіцця подпісамі пад дамовай аб пабрацімстве змацавалі кіраўнікі Аршанскага раёна і Цвярской гарадской думы. Новыя ўмовы вядзення бізнесу прапаноўваюць больш падрабязна вывучыць прамысловы патэнцыял адно аднаго.
Расія - стратэгічны рынак для беларускіх вытворцаў
Імпартазамяшчэнне, укараненне інавацый і экспартны патэнцыял дзяржаў-партнёраў. Лейтматыў форуму - на кожным выставачным стэндзе. У Аршанскім раёне 28 прамысловых прадпрыемстваў - прадукцыя большасці арыентаваная на экспарт. Рынак Расійскай Федэрацыі стратэгічны.
Будаўнікі, тэкстыльшчыкі, вытворцы прадуктаў харчавання... Дэлегацыі Смаленска, Пскова, Санкт-Пецярбурга, Цверы, Вязьмы - гэта каманды прафесіяналаў у розных сферах бізнесу. Таму пасля афіцыйнай часткі госці пажадалі раз'ехацца па прадпрыемствах ужо для прадметнай гутаркі з вытворцамі.
Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж бізнесам-партнёрамі з Віцебскай вобласці і Кітая
Заўтра да ўдзельнікаў форуму далучацца бізнес-партнёры з Кітая. Плануецца, што свабодная эканамічная зона "Віцебск" і пілотная зона рэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Кітай - ШАС завізуюць мемарандум аб супрацоўніцтве.
10-ты Міжнародны эканамічны форум у Оршы прадоўжыцца 4 дні. У праграме таксама семінары-практыкумы для прадстаўнікоў бізнес-колаў, вебінары, кірмашы вакансій.







