3.71 BYN
2.91 BYN
3.38 BYN
Формула поспеху: чаму аграгарадок Любішына можна лічыць месцам для жыцця
Асабістыя парывы беларусаў зрабіць свой двор, пад'езд, вуліцу самымі прыгожымі не застаюцца без увагі. Бо азеляненне прасторы, дадатковыя зоны адпачынку, дзіцячыя пляцоўкі і новае пакрыццё на дарогах і ёсць архітэктура камфортнага жыцця кожнага чалавека.
У 2025 годзе праекты актыўнага кам'юніці з аграгарадка Любішына Чэрвенскага раёна прывялі населены пункт на першае месца ў Мінскім абласным конкурсе па добраўпарадкаванні. Формула поспеху Любішына - у рубрыцы "Месца для жыцця".
Людміла Пасудзеўская, старшыня Калодзежскага сельскага выканкама Чэрвенскага раёна:
"Першае згадванне аб Любішыне было ў 1858 годзе. Тады налічвалася ўсяго толькі 7 двароў і пражывалі 23 жыхары. Але вёска расла, развівалася. Зараз тут 126 двароў, а пражывае 470 жыхароў, чаму мы вельм радыя. Гэта адна з вёсак, дзе насельніцтва прырастае кожны год, што можна лічыць заслугай нашай гаспадаркі - людзі едуць да нас працаваць".

15 гадоў таму вёсцы быў прысвоены статус аграгарадка.
Людміла Пасудзеўская пачала знаёмства з "месцам для жыцця" з адміністрацыйнага будынка Калодзежскага сельскага выканкама, якое было адрамантавана за апошнія два гады.
"З 2003 года я працую старшынёй сельскага савета. Гэта было вельмі адказна, таму што я сама мясцовая і ўсіх людзей ведаю", - падзялілася старшыня Калодзежскага сельвыканкама.
У Любішыне налічваецца 5 вуліц, з іх 4 самыя вялікія, яны поўнасцю заасфальтаваныя. Вытокі Любішына - гэта вуліца Цэнтральная, а адна з вуліц пабудавана па праграме развіцця сяла.
Аграгарадок Любішына з'яўляецца цэнтральнай сядзібай самага буйнога ў раёне прадпрыемства - КСУП "Эксперыментальная база "Натальеўск". Гаспадарка займаецца і раслінаводствам, і жывёлагадоўляй. Па насенне сюды прыязджаюць з усёй рэспублікі. Гаспадарка імкнецца кожны год абнавіць базу насення, каб рэпрадукцыі былі на мясцовых палях.
У вытворчую сферу ўваходзяць 2 малочна-таварныя комплексы і 3 малочна-таварныя фермы. Акрамя таго, гаспадарка займаецца бульбай. Большая частка жыхароў аграгарадка працуе менавіта ў гэтай гаспадарцы.
"План па добраўпарадкаванні Любішына быў распрацаваны яшчэ ў лістападзе 2024 года. Калі мы выканалі большую частку плана па добраўпарадкаванні, зразумелі, што мы можам намінавацца як лепшы аграгарадок. Мы правялі рамонты дамоў, дахаў, дзіцячага сада. Таксама займаліся азеляненнем: высаджана больш за 400 кустоў, звыш 5,5 тыс. кветак, частку з якіх вырасцілі самі. А яшчэ мы заклалі парк, дзе высадзілі 80 дрэў", - расказала Людміла Пасудзеўская.

У аграгарадку ёсць Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, 2 магазіны, а таксама на тэрыторыі знаходзіцца адміністрацыйны будынак Іванаўскага лясніцтва.
Старшыня Калодзежскага сельскага выканкама Чэрвенскага раёна прызнаецца: "Мы ўсе рады тут жыць і працаваць".















