3.77 BYN
2.98 BYN
3.44 BYN
Да 85-годдзя цэнтральнага рэгіёна самабытныя падарункі рыхтуюць народныя майстры Мінскай вобласці
Творчыя прысвячэнні цэнтральнаму рэгіёну-юбіляру. Самабытныя падарункі рыхтуюць народныя ўмельцы Мінскай вобласці. У Лагойску сувеніры і вырабы hand made для ўдзельнікаў і гасцей свята стварае тандэм "майстры і вучні" раённага Дома рамёстваў. Гліняны посуд з геральдыкай, жывапісныя палотны, аздабленне ў тэхніцы "дэкупаж". Да творчага працэсу далучылася Наталля Бардзілоўская.
У дзіцячых руках кавалкі гліны, якія трэба добра раскатаць, зфармаваць, узяцца за роспіс. Хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюць медалі для найлепшых людзей цэнтральнага рэгіёна. Заданне да 85-годдзя Мінскай вобласці, і дзеці вельмі стараюцца, бо справа падрыхтоўкі юбілейнага куфра вельмі адказная.
Вытворчая лакацыя - Лагойскі раённы дом рамёстваў. Тут не першы год школьнікаў заахвочвае творчае аб'яднанне "Натхненне". Кіраўнік - Вольга Кісялёва дае юным урокі выцінанкі, разьбы па дрэве, роспісе. Але дробная пластыка з гліны - самы любімы занятак мясцовай дзятвы, сцвярджае педагог. Самі паглядзіце: у якую забаву пераўтвараецца гэты працэс.
Ад дробнага да буйнога! Размяўшы пальцы вырабам медалёў, дзеці пераходзяць да ганчарнага станка народнага майстра Беларусі Івана Раманчука. Майстар-класы лагойскага рамесніка славяцца на ўсё наваколле і за межамі Лагойска. Умелец з амаль паўвекавым стажам перадае ганчарскі вопыт новаму пакаленню.
З Іванам Клеафасавічам Лагойскі дом рамёстваў рыхтуе новы брэндавы праект: сертыфікат "Дзве гадзіны з майстрам" - гэта азначае, любы ахвочы, госць, турыст, хутка зможа завітаць у край па арыгінальны майстар-клас народнага ўмельца. Першай апрабавала навінку наша здымачная група.
У маіх руках радашковіцкая гліна. Вельмі якасны матэрыял. Але папярэдне. Перад працэсам лепкі яго патрэбна добра пажмякаць, бо ад якасці матэрыялу вельмі залежыць канчатковы вынік. І кругляш, які атрымаўся, мы кладзём на цэнтр кола - цэнтруем, прыціскаем і пачынаем круціць: рукі павінны быць вільготнымі (гавораць майстры), выраўніваем сценку і ўжо праз 3-5 хвілін будзе бачны вынік!
Талерку hand made - на абпал і далейшы роспіс. Юбілей Мінскай вобласці - нагода аздобіць керамічны выраб геральдыкай - так на прадмеце нараджаецца герб цэнтральнага рэгіёна!
Тэхніка "дэкупаж": спатрэбіцца шмат фарбаў і клею, папярэдне падрыхтаваны малюнак. Распісваць кераміку дзяцей вучыць дыпламаваны мастак Ксенія Шашок - малады спецыяліст, метадыст Лагойскага дома рамёстваў, выпускніца Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа - сама яшчэ нядаўна вучаніца - сёння працягвае ланцужок пераемнасці, перадае свае веды дзецям. У падарунак цэнтральнаму рэгіёну - жывапіснае палатно.
Лагойскі раён, як пазл творчай мазаікі ўсяго цэнтральнага рэгіёна - багаты на рамесныя традыцыі. Тут могуць навучыць саломапляценню, ткацтву паясоў, вышыўцы. Мясцовая самабытнасць узбагачае агульную скарбніцу і справу адраджэння рамёстваў у Мінскай вобласці.