3.74 BYN
2.83 BYN
3.34 BYN
Як адзначаюць Дзень бібліятэк у Барысаве - культурнай сталіцы Беларусі
У Беларусі - Дзень бібліятэк. Свята ахоплівае звыш 2,5 тысячы ўстаноў краіны. Паслугамі бібліятэк карыстаецца кожны трэці беларус. І гэта не толькі атрыманне кнігі па абанеменце ці ў чытальнай зале. Сучасныя бібліятэкі ператварыліся ў інфармацыйна-асветніцкія цэнтры, культурныя і нават навуковыя пляцоўкі. Адной з паказальных устаноў цэнтральнага рэгіёна з'яўляецца Барысаўская раённая бібліятэка імя Каладзеева.
Як паўплываў статус "Барысаў - культурная сталіца" на дзейнасць кніжнай установы?
Раскажа Наталля Бардзілоўская. Барысаўскі адрас: вуліца Чапаева, 3 - любімы будынак гарадскіх чытачоў. А сёлета іх прыбавілася - пад'езд да Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева стаў яшчэ больш камфортным. Насупраць уваходу ва ўстанову зрабілі спецыяльную паркоўку для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. І гэта ініцыятыва - толькі пачатак вялікага інклюзіў-праекта "Бібліятэка без межаў".
Адна з інавацый "кніжнага дома" - і стварэнне новага аддзела. Такога ў Беларусі яшчэ няма: пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама жыхары Барысава атрымаюць турысцка-інфармацыйны цэнтр. Тут дадуць максімум інфармацыі пра край - ад гістарычнай даведкі і карты экскурсійных і гастранамічных маршрутаў да парад па размяшчэнні ў тутэйшых гатэлях.
Больш чым кнігасховішча - інфармацыйна-асветніцкі цэнтр, а ў год, калі Барысаў у статусе культурнай сталіцы, Цэнтральная раённая бібліятэка - галоўная пляцоўка асноўных праграм, праектаў і ініцыятыў. За год тут правялі каля 100 мерапрыемстваў!
Паводле статыстыкі, установу наведалі больш за 10 тысяч чытачоў. А ў асабліва значныя дні - выстаў, прэзентацый - бібліятэка збірае ад 300 да 600 наведвальнікаў.
Самыя запатрабаваныя залы бібліятэкі - выставачныя. Атмасфера творчасці, якая пануе тут, натхняе. Супрацоўніца абанемента Ірына Шапавалава, гледзячы на выставы арт-прафесіяналаў, сама стала маляваць, і да Дня бібліятэк ёй далі магчымасць шырока прадэманстраваць свае работы.
Да ўласнага свята бібліятэкары пішуць і вершы. Нават друкуюць уласныя зборнікі, якія тут жа займаюць месца на бібліятэчных паліцах - вось яна, сучасная літаратура беларускіх аўтараў. Захаваць яе і перадаць юным роднае слова - задача, з якой ужо больш за 40 гадоў спраўляецца супрацоўнік дзіцячага аддзела бібліятэкі Людміла Захарэвіч.
Аўтар блога "Казкі на канапе" - бібліятэка даўно выйшла ў інтэрнэт. А яшчэ - стваральніца літаратурна-дэкаратыўна-прыкладнога праекта "Чытай-валяй". Усе паліцы "дзіцячага" бібліятэчнага пакоя застаўлены лялькамі з лямцу!
Мясцовая, але не местачковая, бібліятэка ў Барысаве даўно выйшла на міжнародны ўзровень. Сёлетнія праекты з замежжам - духоўная праграма "Святло душы", якая аб'яднала 12 краін. Сацыякультурная ініцыятыва "Беларусы Масквы". Мастацкія і літаратурныя анлайн-стасункі з гарадамі-пабрацімамі Барысава (а іх 13). Такім чынам, віншавальныя паштоўкі ляцяць сёння ў Барысаў і з блізкага, і з далёкага замежжа.















