3.72 BYN
2.90 BYN
3.37 BYN
Якімі перадвелікоднымі клопатамі і народнымі традыцыямі жыла старадаўняя беларуская вёска
Унікальныя рэцэпты выпечкі кулічоў ідуць са старажытнасці, ад нашых прабабуль, якія назапашванні ласункаў на велікодны стол пачыналі менавіта з Чыстага чацвярга. У другой палове перадвелікоднага тыдня беларускія гаспадыні рупіліся і пра яйкі: фарбавалі, распісвалі. Яйка ж мела і вялікае сімвалічнае значэнне, і практычнае побытавае прымяненне.
Якімі перадсвяточнымі клопатамі ўвогуле жыла старадаўняя беларуская вёска? Падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай.
Перадвелікодныя народныя традыцыі
Спачатку - у храм на набажэнства - узгадаць евангельскія падзеі. Пасля службы - у хаты і двары - наводзіць парадак, мыць бялізну, выкідаць старыя рэчы і пад вечар - самім у лазню! Такія традыцыі Чыстага чацвярга спакон веку жылі ў беларускай народнай традыцыі. А яшчэ на чацвёрты дзень перадвелікоднага тыдня сельскія гаспадынькі гатавалі святочную ежу: выпякалі кулічы і фарбавалі яйкі. І не проста мянялі іх колер - упрыгожвалі.
Спосабаў дэкарыравання яек нашы продкі ведалі нямала. Па-першае, гэта знакамітыя пісанкі - калі воскам на яйку вымалёўвалі арнамент ці выяву птушкі, расліны, звера. Іншыя яйкі - драпанкі: бралі яйка з цёмным фонам і чымсьці вострым на ім выдзіралі ўзор. Яйкі-кропанкі: на яйку ставілі маленькія васковыя кропелькі. І, нарэшце, яйкі-маляванкі - іх проста фарбавалі ў чырвоны ці цёмна-барвовы колер - сімвал крыві Хрыста.
Яек у сямейным кошыку павінна было быць як мага больш, іх дарылі сваякам, частавалі суседзяў, найпрыгажэйшым сімвалам Вялікадня дзякавалі валачобнікам - вясёлым групам вясковай моладзі, якая ў свята хадзіла па вуліцах, стукала ў хаты, дарыла песні, а ў адказ чакала пачастункаў.
Валачобнікамі былі ў асноўным мужчыны. Самы галасісты - запявала, астатнія ў прыпевах падхоплівалі мелодыю хорам.
Яйка - першая страва на велікодным стале і лепшы падарунак блізкаму. Але ў вёсцы дазвалялі сабе і гуляць з яйкамі ў біткі і ці качанне. Узнагародай за перамогу былі таксама яйкі.
У качанні перамагаў той, чыё яйка далей дакоціцца, а ў бітках - чыё застанецца цэлым. Той, хто прайграў, аддаваў свае яйкі пераможцу. Сустракаліся такія рэкардсмены, якія за раз маглі выйграць да паўсотні яек.
А яшчэ гульні з велікодным яйкам прадказвалі ўраджай - качалі яго на полі, і чым далей сімвал закоціцца, тым больш урадлівымі будуць палеткі.















