Калекцыя званочкаў Міхаіла Сляпухі экспануецца ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы
Хрустальныя, бронзавыя, пасярэбраныя і з латуні. Вясельныя, сувенірныя, музычныя і на конскую вупраж. Калекцыю з больш чым паўсотні званочкаў прадэманстравалі ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Тематычная выстава "Званочкі мае..." адкрылася дзякуючы даўняму супрацоўніцтву бібліятэкі і барысаўскага калекцыянера Міхаіла Сляпухі. Свой збор аўтар пачаў фарміраваць з юных гадоў.
Наталля Бардзілоўская больш падрабязна.
Звонкая калекцыя Міхаіла Сляпухі пачалася з яго вясковага дзяцінства і бабульчынай казы. Жывёле павязвалі такія гучныя пацеркі, каб не згубілася. Гаспадары збераглі гэты латунны талісман, які пазней і стаў асновай калекцыйнага збору ўнука.
У кожнага экспаната свая гісторыя вырабу і з’яўлення ў калекцыі. Напрыклад, паўпразрыстыя шкляначкі Міхаіл Сляпуха прывёз з Чэхаславакіі – ён праходзіў там армейскую службу. Тады багемскі хрусталь быў рэдкасцю.
З асаблівымі сэнсамі званочкі з багемскага шкла, і называюцца яны "штрафнікі", што азначае "штрафная чарка". У такі званочак налівалі моцны напой, і выпіць яго трэба было абавязкова, бо такую ёмістасць не паставіш. Выпівалі, а потым званілі.
Са святочных у калекцыі вясельныя званочкі. На іх традыцыйна наносіліся надпісы. Часам жартаўлівыя. Напрыклад, "Каго люблю - таму дару".
Чытаць званочкі і чытаць пра званочкі: у дадатак да калекцыйнага збору супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі літаратурную падборку. Вершы і проза класікаў, якія ўславілі пералівы званоў і званочкаў, арганічна ўпісаліся ў праект.
"Як званочак звініць наша родная мова", "Жаваранка спевы, як срэбны званочак" - не толькі руская класічная літаратура, заснаваная на прыгожых алегорыях пра старажытны меладычны прадмет. Беларускія паэты, як і вусная народная творчасць нашага народа, прысвяцілі нямала прымавак і лірычных радкоў званочкам. Немудрагелістыя рэчы, а натхняюць. І са старажытных часоў існуе прыкмета: калі гучыць званочак - любыя нядобрыя сілы адступаюць.







