"Матчына хустачка": У Клёцку адкрылася экспазіцыя з сямейных куфраў
Выстава, якая нясе цяпло. "Матчына хустачка" - экспазіцыя традыцыйных жаночых галаўных убораў адкрылася ў Клецку. Праект сабраў сямейныя рарытэты розных пакаленняў і розных часоў і набыў папулярнасць, якая выйшла далёка за межы раёна!
Ініцыятыва клецкіх энтузіястаў натхніла ўвогуле паглядзець на гісторыю хусткі. Пра звычаі, вераванні,паданні, звязаныя з ёй,- Наталля Бардзілоўская.
Паўлапасадскія і "баранаўскія" хусткі, модныя яшчэ з часоў Расійскай імперыі. Пуховая хустачка - як уплыў Балтыкі на беларускую традыцыю. Капронавыя і шаўковыя хусткі савецкай эпохі. На выставе - больш за сотню прадметаў, якія могуць расказаць і пра гісторыю асобнай жанчыны, і пра развіццё тэкстыльнай вытворчасці розных часоў, пра агульную і рэгіянальную традыцыю беларускага касцюма. Задумка экспазіцыі ад энтузіястаў Клецкага раённага цэнтра культуры. Але праект смела можна назваць народным. Бо кожны, хто наведаў выставу ці пачуў пра яе, лічыць сваім абавязкам прынесці з уласнага сямейнага куфра на агульны агляд свой дарагі прадмет: хустачку, якая належала жанчынам роду. Большасць людзей зберагаюць такія рэчы, бо яны не выходзяць з моды, а галоўнае - захоўваюць памяць пра родных матуль, бабуль, жонак.
Гэта калекцыя збіралася амаль два дзесяцігоддзі. Навуковыя супрацоўнікі цэнтра культуры аб'ехалі падчас экспедыцый закінутыя вёскі, збіралі хусткі, прымалі іх ў падарунак ад старэнькіх бабуль, а часам і ў сваіх радавых куфрах знаходзілі вось такое багацце! Такім чынам, назапасілася амаль сто хустак. Па якіх сёння можна вывучаць гісторыю сям'і, краю, гісторыю ўсёй Беларусі.
Ва ўсёй разнастайнасці прадстаўленых хустак стваральнікі выставы дэманструюць і мясцовы - клецкі галаўны ўбор. Марачанская хустачка - асаблівы фасон, незвычайны спосаб нашэння.
Тэму традыцыйнага клецкага строю і яго найважнейшай часткі - "матчынай хустачкі" падтрымалі і ў Клецкай раённай бібліятэцы. Наведвальнікам тут прапануюць падборку кніг, ілюстраваных альбомаў, перыёдыкі па тэматыцы самабытнага нацыянальнага касцюма і ў прыватнасці жаночых галаўных убораў.
Увогуле, калі беларус ці наш госць вырашыць больш грунтоўна "капнуць" у тэму, музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах вітае! У фондах скансэна 24 тысячы прадметаў. Багатая калецыя хустак. Ад старажытнай наміткі, характэрнай для Палесся і Цэнтральнай Беларусі, да каларытнай "абхінанкі" з Паазер'я.
Сотні варыянтаў хустак, намітак, каптуроў. Галоўнае, у беларускай ды і ўвогуле славянскай традыцыі для жанчыны было хадзіць з "пакрытай галавой". Проставалосымі бегалі толькі маленькія дзяўчынкі. Юныя прыгажуні насілі вяночкі ці скіндачкі (вузкія стужкі). А замуж пайшла - і жанчына надзявала галаўны ўбор, без якога ніколі не магла ўжо выходзіць "у людзі".







