3.82 BYN
2.77 BYN
3.21 BYN
На базе Віцебскага аэраклуба лётную практыку праходзяць курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі
Заданне на лета - 70 гадзін у небе. На базе Віцебскага аэраклуба лётную практыку праходзяць курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі. Кожны дзень у 9:30 у неба падымаюцца вінтакрылыя машыны Мі-2. Курсанты адпрацоўваюць фігуры пілатажу. Будучых пілотаў курыруюць вопытныя лётчыкі-інструктары. З вышыні палёту - рэпартаж Вольгі Маслоўскай.
Мі-2 - самы вядомы шматмэтавы лёгкі верталёт
Больш за 20 гадоў Віцебскі аэраклуб з'яўляецца базай падрыхтоўкі курсантаў авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі. На лета сюды прыязджаюць тыя, хто абраў спецыяльнасць "лётчык верталёта".
Лепшыя з лепшых – называюць сваіх выхаванцаў інструктары Віцебскага аэраклуба
І ручку кіравання верталётам давяраюць з першых заняткаў. У навучэнцаў другога курса за плячыма 30 гадзін налёту на планёры. Гэтым летам яны толькі спрабуюць прыручыць вінтакрылую машыну. На гэта адведзена 60 гадзін. У чацвёртага курса задача больш складаная.
Перад уздымам у неба - агульны збор. Перадпалётныя ўказанні, метэазводка, індывідуальныя настаўленні ад інструктара. У Мікіты Зяленскага сёння ў праграме падрыхтоўкі - палёт усляпую. На зададзенай вышыні інструктар закрывае агляд шторай. Рух - выключна па прыборах. І так паўгадзіны.
З кожным уздымам у паветра упэўненасці ў дзеяннях ўсё больш
Вячаслаў Галузаў з Магілёва марыў пра грамадзянскую авіяцыю, але жыццё распарадзілася інакш. За два гады вучобы пра зігзаг лёсу не пашкадаваў.
"Курсант вельмі старанны", - распавядае яго інструктар. Святлана Манько - легенда беларускай авіяцыі. Курсанты называюць яе авіямамай. Выпускніца Ваўчанскага авіяцыйнага вучылішча, у кабіну верталёта яна ўпершыню села амаль 40 гадоў таму, а марыць пра неба пачала яшчэ ў дзяцінстве.
За гады працы Святлана Манько падрыхтавала некалькі дзясяткаў лётчыкаў. У гэтага набору самае цікавае яшчэ наперадзе - у жніўні будуць падымаць машыны ў начное неба. Гэтым летам Віцебскі аэраклуб прыме яшчэ адну групу курсантаў Ваеннай акадэміі - ужо факультэта разведкі. Будуць праходзіць парашутную падрыхтоўку.















