3.72 BYN
2.93 BYN
3.38 BYN
На плантацыях лясгасаў рыхтуюць да продажу елкі
Чаканне Новага года з пахам ігліцы. Набыць сімвал надыходзячага свята - елку або навагодні букет - можна будзе на елачных кірмашах або прама ў лясгасах. Вырошчваюць іглічныя прыгажуні на спецыяльных плантацыях, а таксама ў лясных гадавальніках. Еўрапейскія, блакітныя, у кадках, акрамя елак можна выбраць дэкаратыўныя хвоі і кедры.
Упадабаную елку з адмысловым дазволам лясной гаспадаркі можна набыць і непасрэдна з дзялянкі.
Расказвае Ілья Цвяткоў.
Настрой галоўнага свята года складаецца з некалькіх інгрэдыентаў - ззяння рознакаляровых гірлянд, гучання каляднай музыкі і, вядома ж, водару свежай хвоі. Лясніцтвы Мінскай вобласці зараз актыўна рыхтуюцца напоўніць кожны дом непаўторным святочным пахам - елкі ўсіх колераў і памераў вырошчваюць у спецыяльных гадавальніках.
Іглічныя дрэвы да дзесяці гадоў вырошчваюць на плантацыях. Толькі на гэтых яловых палях у Вілейскім раёне больш за 2 тысячы саджанцаў. Для іх ствараюць спецыяльныя ўмовы. Каб елка была пышнай і сіметрычнай, паміж стваламі пакідаюць пэўную адлегласць, а самі дрэвы падкормліваюць.
У так званыя школьныя аддзяленні елкі перасаджваюць з цяпліц. Тут маленькія дрэвы толькі пачынаюць пускаць карані. Усе яны падрастаюць ў кадках. Акрамя еўрапейскай елкі, тут можна набыць саджанцы кіпарыса, кедра і сасны.
Усё больш папулярнымі становяцца блакітныя елкі ў першую чаргу дзякуючы свайму колеру. Падчас аздаблення гэтае адценне выглядае вельмі незвычайна.
Што тычыцца кошту, то навагодняе дрэва вышынёй да аднаго метра можна будзе набыць у сярэднім за 10 рублёў, да 2 метраў - за 12, а самыя высокія 3-метровыя елкі будуць каштаваць каля 17 рублёў.
Акрамя таго, навагодняе дрэва можна выбраць прама на лесасеках. Супрацоўнікі лясгаса падбяруць елку неабходнага памеру. А вось займацца высечкай самастойна - строга забаронена. За гэта можна атрымаць штраф.
Елачныя кірмашы запрацуюць у Мінскай вобласці 21 снежня. У кожным раённым цэнтры можна будзе набыць пухнатыя хвоі. Актыўны гандаль разгорнецца і ў населеных пунктах паблізу сталіцы - у Бараўлянах, Сеніцы, Валяр'янаве. Падрабязная інфармацыя пра пункты продажу іглічных і іх кошт - на сайце Мінлясгаса.















