3.72 BYN
2.87 BYN
3.42 BYN
Незвычайная выстава электратэхнікі ад калекцыянера і блогера Аляксандра Хадасевіча праходзіць у Дзяржынску
Нетыповыя экспанаты - на выставе ў галерэі Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Гледачам паказалі электратэхніку! Выключальнікі, разеткі, лямпы, лічыльнікі сучасныя і архаічныя на паказ публіцы прапанаваў калекцыянер Аляксандр Хадасевіч.
Аўтар экспазіцыі па прафесіі электрамантажнік і, што ўнікальна, папулярызатар сваёй прафесіі і асветнік у "электрычнай" справе. Наталля Бардзілоўская пазнаёмілася з майстрам на ўсе рукі.
Не гартайце спецыяльную літаратуру - загугліце YouTube-канал Сашы Хадасевіча. Вось прафесійны электрык запісвае новы выпуск, дае карысныя парады, правераныя практыкай і вопытам. Прапануе ноу-хау, але не забываецца нагадаць і пра класіку - тыя важныя дробязі, без якіх не варта нават і брацца за справу.
Станавіся і паўтарай! Гэту параду ад электрамантажніка-блогера пачулі 44 тысячы чалавек! Менавіта столькі падпісчыкаў назбіралася за год. Дзеліцца ў інтэрнэце ведамі – навучае народ, а таксама офлайн працуе па шырокім спектры работ.
Гаражны кааператыў, праца ў будаўнічай арганізацыі, падрадныя работы, індывідуальнае прадпрымальніцтва і проста дапамога людзям у любых праблемных электрычных пытаннях – Аляксандр сапраўды стараецца ахапіць многае. І нас запрасіў у «родныя пенаты» ў гаражным кааператыве, і туды, дзе займаецца прафесійнай дзейнасцю - ва ўласную майстэрню.
Вядзе прафілактыку крадзяжоў, пажараў і канфліктных сітуацый, сочыць за парадкам, забяспечвае ідэальны стан асвятлення і сігналізацыі. Гэта з афіцыйнага. А ў вольны час бяжыць у майстэрню, каб папрацаваць, апрабаваць нешта новае: Аляксандр сочыць за сусветнымі тэндэнцыямі ў электрасферы, наведвае семінары, адным словам – самаадукоўваецца, і, вядома, запісвае новыя выпускі праграмы.У гаражы-майстэрні – «творчы беспарадак». Але гэта першае ўражанне і недакладнае. На паліцах, у куфрах, скрынях Аляксандр захоўвае «важныя» рэчы! Старыя разеткі, выключальнікі, лямпы, лічыльнікі і архаічныя электрапрыборы майстар назапашвае наўмысна.
Усе свае рарытэты Аляксандр Хадасевіч захоўвае вось у каштоўнай скрыні. А нядаўна ў іх з'явіўся дадатак. Прыхільнік электрыкапрафесіянала, падпісчык яго YouTube-канала падарыў Аляксандру вось такую лямпу. Яе можна браць у рукі ў спецыяльных пальчатках.
У майстра шмат рарытэтаў, якія здзіўляюць, і каб уразіць імі як мага большую колькасць людзей, ён, вядома ж, зрабіў выпуск для YouTube. А яшчэ электрык-блогер на час стаў і музейшчыкам: у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася яго выстава «Рэтраэлектрыкі»
Экспазіцыю «ад Хадасевіча» паказалі ў рамках бібліятэчнага праекта «Тэрыторыя творчасці». Ініцыятыва знаёміць з талентамі Дзяржынскага краю. Аляксандр - адзін з іх. Электрык-блогер-калекцыянер і проста абаяльны, добры чалавек, а яшчэ руплівы гаспадар і сем'янін. Будуе свой дом. Адным словам, сапраўдны беларус!















