У зводках ДАІ ўсё больш дарожных здарэнняў з удзелам аленяў, ласёў і казуль
Нечаканыя лясныя насельнікі могуць справакаваць ДТЗ на дарогах. Дзікія капытныя - на хуткасных магістралях. У зводках ДАІ ўсё больш дарожных здарэнняў з удзелам аленяў, ласёў і казуль.
За мінулы год толькі ў Мінскай вобласці зафіксаваны 22 такія аварыі.
Новая зімовая хваля актыўнасці жывёл звязана з жаданнем звяроў папоўніць рацыён. На дарогі капытныя выходзяць паласавацца соллю, якой апрацоўваюць асфальт. Ілья Цвяткоў працягне тэму.
Увага! На дарогах дзікія жывёлы
Вось так скончылася нечаканая сустрэча з рагатым лясным насельнікам на адной з хуткасных магістралей Мінскай вобласці. Транспартны сродак аднавіць нельга. Вадзіцель, на шчасце, не траўміраваны. Лось выскачыў на трасу раптоўна, таму зрэагаваць імгненна не было магчымасці.
Новую зімовую хвалю актыўнасці дзікіх капытных фіксуюць супрацоўнікі ДАІ. Улічваючы складаныя дарожныя ўмовы і кароткі светлавы дзень, вадзіцелям рэкамендуюць быць асабліва асцярожнымі і захоўваць хуткасны рэжым. Часам нават лішнія 10 кіламетраў за гадзіну могуць перашкодзіць своечасова затармазіць.
Асаблівую ўвагу варта звяртаць на дарожныя знакі, якія папярэджваюць пра наяўнасць паблізу міграцыйных шляхоў ласёў, казуль і аленяў.
Паводле слоў навукоўцаў, прычына сезоннай актыўнасці лясных жывёл - у недахопе мінеральных рэчываў у рацыёне. А неабходныя мікраэлементы яны папаўняюць з дапамогай солі, якой дарожныя службы апрацоўваюць асфальтавае пакрыццё.
Найбольш эфектыўны варыянт вырашэння праблемы - спецыяльныя металічныя агароджы ўздоўж небяспечных участкаў дарог. Некаторыя з іх у даўжыню некалькі дзясяткаў кіламетраў. У комплексе з імі працуюць і адмысловыя падземныя тунэлі для перасячэння жывёламі аўтастрад.
Такая агароджа вышынёй амаль два з паловай метры. Яна выканана з трывалага металу і яе асноўная функцыя не толькі спыніць буйное капытнае, але і накіраваць яго да бяспечнага пераходу.
Другі эфектыўны спосаб прыцягнення дзікіх звяроў у глыбіню ляснога масіву (далей ад дарогі) - падкормка. Падтрыманнем збалансаванага зімовага рацыёну капытных займаюцца егеры і паляўнічыя. Для гэтага ў гушчарах арганізуюць спецыяльныя падкормачныя пляцоўкі. Адна з такіх лясных сталовых ёсць у Смалявіцкім раёне.
На мабільных фуд-кортах для дзікіх жывёл прадугледжаны і саланцы як альтэрнатыва дарожным рэагентам. З-за снежнага покрыва здабываць ежу казулям і аленям вельмі складана. Таму каб яны не шукалі пачастункі паблізу гарадоў і вёсак, у меню лясной падкормкі абавязкова ўваходзяць сена і крупы, а таксама агародніна ў якасці ласункаў.







