3.66 BYN
3.08 BYN
3.50 BYN
Ад ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС да развіцця і добраўпарадкавання
Зямля, на якой будзем жыць. Яшчэ 35 гадоў таму словы "чарнобыльская тэрыторыя" ва ўсім свеце асацыіраваліся з адной з самых буйных за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагенных катастроф. Доўгія гады Беларусь дбайна імкнулася гэтую тэрыторыю аднавіць, а галоўнае - развеяць забабоны: маўляў, будучыні там няма.
Перазагрузіць жыццё ў гэтых раёнах каштавала вялізнай працы. Але агульнымі намаганнямі Беларусь справілася. І зараз ад ліквідацыі наступстваў мы пераходзім на новы ўзровень - да развіцця і добраўпарадкавання.
Аздараўленне, чыстая вада, новыя дарогі, развіццё медыцыны, селекцыя і сельская гаспадарка. Сцэнарый дзяржпраграмы абнаўляецца кожную пяцігодку. Падчас нядаўняй паездкі ў Брагін Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу падрыхтаваць новую праграму для пацярпелых раёнаў Гомельскай вобласці к верасню. Прычым па прынцыпе той, што зараз дзейнічае на паўднёвым усходзе Магілёўскай - яна ўжо паказала сваю прадукцыйнасць. Галоўнае - узровень жыцця ў пацярпелых раёнах павінен быць не горшы, чым у іншых рэгіёнах краіны.
Як мяняліся чарнобыльскія землі і што яшчэ трэба зрабіць, раскажа Ксенія Лебедзева.
Поўдзень Беларусі да 1986 года быў багатым рэгіёнам
Брагінскі - адзін з раёнаў, які прыняў на сябе максімальны ўдар пасля чарнобыльскай аварыі. Да 1986 года на яго ўскладалі вялікія надзеі. Развівалася прамысловасць, сельская гаспадарка, забудоўваліся буйныя вёскі. Пасля аварыі на ЧАЭС усё змянілася: людзей адсялялі, прадпрыемствы ліквідавалі. Тое ж адбывалася і з іншымі пацярпелымі раёнамі.
Чарнобыльская трагедыя згуртавала беларусаў у імкненні захаваць пацярпелыя рэгіёны
Гэтая трагедыя стала страшным выпрабаваннем для беларусаў. Але мы выстаялі! У Брагіне на мітынгу-рэквіеме, дзе ўшаноўвалі памяць герояў-ліквідатараў, Прэзідэнт сказаў проста: чарнобыльскі ўдар зрабіў нас мацнейшымі. Згуртаваў беларусаў. Як бы ні было цяжка, заўсёды знаходзілі час і сродкі на дапамогу людзям у рэгіёне і на аднаўленне пацярпелых зямель.
Беларусь засталася практычна сам-насам са сваёй праблемай. За 35 гадоў разам мы правялі вялізную работу, каб вярнуць сюды ранейшае жыццё.
Умовы для маладых спецыялістаў
Людміла - унучка ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сама з Калінкавічаў, а бабуля і дзядуля з Брагіна. Гэты горад добра знаёмы маладой выкладчыцы харавога класа і вакалу, таму пасля 4-га курса музычнага каледжа дзяўчына прыехала працаваць менавіта сюды. Заключыла 5-гадовы кантракт.
Умовам для маладых спецыялістаў на постчарнобыльскіх тэрыторыях можна толькі пазайздросціць: пры заключэнні першага пяцігадовага кантракта выплачваюць 200 базавых велічынь, пры паўторным - яшчэ 300. Даюць жыллё.
З тым, што ўмовы годныя, згаджаецца і Мікіта Філімончык. Ён амаль год пазбаўляе ад зубнога болю жыхароў Нароўлі. Сюды размеркавалі пасля Гомельскага медвучылішча.
Што датычыцца непасрэднай працы, і школы, і дзіцячыя сады, і ўстановы дадатковай адукацыі тут імкнуцца абсталяваць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.
Курс на электрыфікацыю
Што цікава, у Брагіне заклалі падмурак першага электрадома. Праз паўгода яго завершаць, палова кватэр у ім прызначана для маладых спецыялістаў.
Гэта будзе 5-павярховы будынак і першы ў Брагіне дом з ліфтам. Такі дом хутка ўвядуць у эксплуатацыю ў Калінкавічах. Там курс на электрыфікацыю праходзіць найбольш актыўна. Жыроўка ў электрадамах будзе важыць менш, чым у дамах на газе.
Адроджаныя прадпрыемствы
Летась на рэканструкцыю Нараўлянскай ЦРБ выдзелілі больш за 2 мільёны рублёў. Акультурылі вонкавы выгляд і тэрыторыю. Што немалаважна, надалі ўвагу тэхнічным будынкам, схаваным ад людскіх вачэй, але такім важным у звычайным жыцці. На бягучую пяцігодку ў горадзе і раёне прадоўжаць працу па абнаўленні водаправодных сетак і ўстаноўцы станцый абезжалезвання. Задача выйсці на 100-працэнтнае забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой. Актыўна ідзе і будаўніцтва ў паўднёвым рэгіёне.
Хойніцкі завод жалезабетонных вырабаў - адно з адроджаных прадпрыемстваў. Завод цалкам загружаны. Адзін з кірункаў - будаўніцтва. Пасля мадэрнізацыі, якую правялі за ўласныя грошы, перайшоў да вырабу панэляў для будаўніцтва дамоў. Зараз вытворчасць поўнага цыкла.
Лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка
Адна з перспектыўных сфер для развіцця гэтых тэрыторый - лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. Пра гэта гаварыў у Брагіне і Прэзідэнт падчас нарады. Тут такі бізнес развіваецца, ствараюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы, а разам з імі і рабочыя месцы. Дарэчы, праца на іх добра аплачваецца. Драўніны шмат, усё, што высякаецца, у абавязковым парадку праходзіць радыелагічны кантроль. Умовы ствараюцца добрыя. Усё астатняе залежыць ад настойлівасці і прадпрымальнасці бізнесмена.
Дзяржпраграму па ліквідацыі аварыі абнавілі 6-ы раз
Для ліквідацыі аварыі ў Беларусі распрацавана спецыяльная дзяржпраграма. Сёлета яе абнавілі 6-ы раз. На вырашэнне чарнобыльскіх пытанняў за 35 гадоў было накіравана больш за 19 млрд долараў. Падчас наведвання чарнобыльскіх зямель напярэдадні гадавіны Прэзідэнт паставіў задачу ўраду распрацаваць новую праграму, накіраваную зараз на развіццё, падобна той, што зараз дзейнічае на паўднёвым усходзе Магілёўшчыны.
Акцэнты будуць зроблены на лясную гаспадарку, адмову ад газу на карысць электрычнасці, нададуць увагу і сельскай гаспадарцы, якая займае значнае месца ў эканоміцы раёнаў. Размова ў першую чаргу пра эфектыўнае выкарыстанне і ўцягванне ў абарачэнне зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Эксперыментальная гаспадарка стала паказальнай, да новага этапу гатовыя. Праз 35 гадоў у гэтай тэрыторыі пачынаецца новае жыццё.