3.84 BYN
2.81 BYN
3.23 BYN
Пагранзаставе Лоеў прысвоена імя вызваліцеля Беларусі Мікалая Сушанава
Працаваць на апярэджанне і быць гатовымі да любой сітуацыі. Гэты ўрок беларусы вывучылі, пройдучы праз суровыя выпрабаванні ваенных гадоў. Той перыяд пакінуў нам незагойную рану і памяць пра подзвіг тых, хто застаўся адданым доўгу і прысязе, цаною жыцця стаяў за радзіму, але не адступіў. Такіх прыкладаў нямала. Адзін з іх - Герой Савецкага Саюза Мікалай Сушанаў, пагранічнік і адзін з самых яркіх вызваліцеляў Беларусі. У 43-м ён ваяваў за свабоду Лоева. Зараз яго імя носіць мясцовае пагранічнае падраздзяленне.
Указ быў падпісаны Кіраўніком дзяржавы.
Як праз 75 гадоў ахоўваюць межы радзімы, убачыла Ганна Кавалёва.
Прысваенне імя пагранзаставе - падзея рэдкая для ўсёй краіны: у Беларусі імянных падраздзяленняў усяго 13. Большасць - у Брэсцкай вобласці. А вось у Гомельскай першай такой заставай стала менавіта гэтая - лоеўская. Хутка на фасадзе зменяць таблічку, а разам з ёй і некаторыя ўнутраныя парадкі.
Імя Мікалая Сушанава залатымі літарамі выбіта і на Алеі славы ў Лоеве. Да мемарыяла нясуць жывыя кветкі, а яго чорна-белае фота і ўзнагародны ліст аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза дагэтуль захоўваецца ў мясцовым музеі. Такая ўвага нездарма: Мікалай Сушанаў - адзін з самых яркіх удзельнікаў легендарнай бітвы за Днепр, якая змяніла ход Вялікай Айчыннай вайны.
Міхаіл Аксянюк, начальнік упраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі: "Час прысваення выбраны невыпадкова. Ён супадае з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзем ДПК Беларусі. Г.п. Лоеў быў вызвалены ў 1943 годзе - 75 гадоў таму".
Пра гераічную гісторыю гэтых месцаў тут ведае кожны. У маленькім Лоеве, на краі Беларусі, тады разгарнулася найбуйнейшая ваенная аперацыя ўсходняга фронту.
Гэтае месца завуць Крывавы бераг. У 43-м тут загінулі больш за 9000 чалавек. Калі разгарнуліся баі, пад кулі кінуўся Мікалай Сушанаў і павёў за сабою наступальную групу. Вынік гэтай бітвы змяніў ход Другой сусветнай.
На фарсіраванні Дняпра Сушанаў сустрэў сваё 23-годдзе. Тады ён адным з першых пераправіўся праз раку. Арганізаваў знішчальныя атрады і ўтрымліваў адваяваныя плошчы да падыходу асноўных сіл. Ён першым уступіў у рукапашны бой, закідаў гранатамі дзот праціўніка і знішчыў варожы кулямёт. За час вайны не аднойчы быў на мяжы жыцця і смерці: мноства раненняў, нямецкі палон, уцёкі і партызанскае жыццё. За подзвігі - не толькі званне героя, але і больш як 10 медалёў і ордэнаў.
Сёння справу Сушанава працягвае сучасная пагранслужба. Пад аховай лоеўскай заставы - водная мяжа на 60 кіламетраў. У памочніках - службовыя сабакі, аўтамабілі і катары: на стаянцы берагавой аховы - каля 20 адзінак тэхнікі. Сёлета ў скарбонцы заставы - амаль паўсотні спыненых парушэнняў.
Неўзабаве на тэрыторыі заставы паставяць бюст Мікалаю Сушанаву. У планах і ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу.















