"З адною думкаю аб шчасці Беларусі": свята паэзіі адбылося ў Вязынцы
Мемарыяльны музей "Вязынка" сустракае сяброў. У цэнтральным рэгіёне прайшло рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі...". Нагода маштабнага мерапрыемства - 142-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Ганна Загародняя з падрабязнасцямі.
Маштабныя гулянні ў вёсцы Вязынка сталі ўжо традыцыяй, якой тут прытрымліваюцца больш за паўстагоддзя. Чарговы раз наведвальнікі з'ехаліся з усіх куткоў краіны, каб натхніцца паэтычнымі радкамі славутага паэта-земляка. Дарэчы, месца святкавання абрана не выпадкова.
У маёнтку Вязынка нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Таму менавіта тут, на яго малой радзіме, і праз 142 гады збіраюцца аматары творчасці Песняра.
Ганна Галінская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
Купалаўскі мемарыяльны комплекс "Вязынка" нікога не пакідае абыякавым, нягледзячы на тое, што праз год пасля нараджэння Янкі сям’я Луцэвічаў была вымушана з'ехаць адсюль. Вось гэты светлы ўспамін заўсёды застаўся ў памяці паэта. А для нас, для нашчадкаў, гэта такая танюсенькая нітачка, якая звязвае Купалу і сучасную Беларусь.
Маляўнічы ландшафт 21 га, аўтэнтычныя будынкі і гулянні ў народным стылі. Літаратурнае свята ў музеі Янкі Купалы ў Вязынцы ладзяць ужо 52 раз.
Экскурсійны маршрут стартуе з выставачнага праекта. Тут прапануюць пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечанай паэту.
Валерый Максімовіч, пісьменнік, доктар філалагічных навук:
Я вельмі ўдзячны лёсу, што мне даводзіцца бываць у Вязынцы ўжо не адзін дзясятак гадоў. Я ўпершыню трапіў сюды яшчэ будучы студэнтам. Свята выдатнае, выступаюць харошыя выканаўцы, пісьменнікі, паэты, барды, самадзейныя калектывы, дэкламуюцца вершы, прысвечаныя Купалу, нашай роднай старонцы.
Тут захоўваюць і перадаюць праз пакаленні беларускія традыцыі. Адраджаюць народныя абрады, найперш Купалле. Бо яно атаясамліваецца з Песняром. Пляценне купальскага вянка, пошук папараць-кветкі - абавязковыя атрыбуты свята.
Таццяна Палітыка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага музея Янкі Купалы:
Калісьці Івана Купала - свята, якое прысвечана сонцу - былі сімвалічныя абрады, абавязкова было сплесці вянок, таму што гэта сімвал круга, сонца, бясконца жыцця, абавязкова было трэба павадзіць карагоды, а яшчэ распаліць вогнішча і потым пайсці шукаць папараць-кветку. Дзяўчаты днём плялі вяночкі.
А акрамя гэтага, майстар-клас па пляценні лазы, інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, святочны кірмаш - з сувенірнай прадукцыяй і вырабамі майстроў народнай творчасці.







