Будаўніцтва новага музея ў Хатыні - вялікі ўсенародны праект
Вялікім усенародным праектам стане будаўніцтва новага музея ў Хатыні.
Поўнамаштабныя работы ў мемарыяльным комплексе пачнуцца пасля 9 Мая. Дэталі сёння на месцы абмяркоўвалі з удзелам губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына, кіраўнікоў дарожна-будаўнічых, праектных арганізацый, а таксама духавенства. Як адзначылі эксперты, пад новабудоўлю ўжо можна закладваць падмурак. А ў бліжэйшыя тыдні будзе прынята рашэнне і па абліччы самога музея (там будзе 6 выставачных залаў). Зараз ёсць 4 версіі праекта. Новы імідж атрымае і стары офісны будынак, адрамантуюць і дарогу да Хатыні. За год таксама абновяць гранітныя пліты дарогі "Апошні шлях", свежы выгляд набудзе скульптура "Непакораны чалавек". Акрамя таго, побач са старажытнымі могілкамі ўзвядуць аўтэнтычную драўляную царкву - копію той, якая калісьці стаяла ў вёсцы Хатынь.
Ужо наступнай вясной да 80-годдзя Хатынскай трагедыі мемарыяльны комплекс поўнасцю набудзе новы выгляд.







