3.73 BYN
2.90 BYN
3.39 BYN
Тыдзень роднай мовы завяршылі напісаннем Рэспубліканскай дыктоўкі: як гэта было
Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове аб'яднала ўдзельнікаў з Японіі, Эстоніі, Кітая і іншых краін. Гэта цэнтральная падзея Тыдня роднай мовы, якую адзначалі маштабна. У праграме лекцыі, семінары, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі і творчыя сустрэчы.
Для вучня сталічнай гімназіі № 23 Арцёма Рапцэвіча 20 лютага быў хвалюючы і важны дзень. Школьнік сказаў, што дыктоўка - не проста праверка граматнасці, хутчэй магчымасць успомніць пра свае вытокі і важнасць захавання памяці аб іх.
"У жыцці я заўсёды карыстаюся беларускай мовай. Спадзяюся толькі на свае веды. Удзел у дыктоўцы - гэта штосьці сімвалічнае", - падзяліўся Арцём Рапцэвіч.
Правядзенне Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове - добрая традыцыя. Звыш 6 тыс. людзей з розных куткоў Сінявокай далучыліся да напісання ў анлайн-рэжыме. Напрыклад, у Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі - больш за 30 чалавек.
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:
"Рэгістраваліся настаўнікі з цэлымі класамі, рэгістраваліся і пенсіянеры, прадстаўнікі сферы IT, бухгалтары, эканамісты, медыцынскія работнікі. Нас радуе і тое, што расце цікавасць замежнікаў, не толькі этнічных беларусаў, паколькі прымаюць удзел у напісанні прадстаўнікі Канады, Злучаных Штатаў Амерыкі, Японіі, Кітая, Азербайджана, Эстоніі і многіх краін".
У БДПУ імя Максіма Танка беларусы пісалі агульнаўніверсітэцкую дыктоўку. У 2026 годзе сярод удзельнікаў каля 150 чалавек - студэнты розных факультэтаў: ад філолагаў да будучых матэматыкаў і біёлагаў, а таксама выкладчыкі і кіраўніцтва ВНУ.
Ірына Мішчанчук, загадчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка:
"У тэксце зменены некаторыя аўтарскія знакі прыпынку, каб ён лягчэй успрымаўся, бо фактычна пішуць дыктант учарашнія школьнікі, студэнты 1 курсу".
Праверыць правільнасць напісання сваёй работы можна было адразу пасля завяршэння дыктоўкі. Але гэта не столькі пра веды ў галіне арфаграфіі або пунктуацыі, хутчэй пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і любові да роднай краіны.















