3.76 BYN
2.90 BYN
3.38 BYN
Новыя сарты ад вучоных-аграрыяў
Дзясяткі новых сартоў збожжавых, агародніны і іншых культур. Вучоныя-аграрыі напярэдадні Дня навукі падводзяць вынікі мінулага года. Гэта і навінкі морквы ці цыбулі, якія зацікавяць усіх. А вось гібрыды азімага жыта ўвайшлі ў топ-10 самых значных вынікаў Акадэміі навук за 2020-ты.
Аляксей Кандраценка пабываў у Самахвалавічах і Жодзіне і сустрэўся з тымі, хто фарміруе харчовую разнастайнасць нашай краіны.
На імправізаванай міні-выставе ў Самахвалавічах далёка не ўся разнастайнасць Інстытута агародніцтва Акадэміі навук. Зіма ўсё ж такі. Тут і перспектыўны пастарнак сорту "Пан", і буракі "Слава", а таксама морква "Лявоніха". Хутка кампанію ёй складзе і "Вулкан". Ураджайнасць гэтага сорту - 85 тон морквы з гектара.
Пераязджаем у Жодзіна. У скарбонцы навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук па земляробстве за мінулы год - 22 новыя сарты. Гэта, напрыклад, пшаніца, жыта і нават гарчыца. Многімі навінкамі цікавяцца не толькі сельгасарганізацыі Беларусі, суседніх краін, а таксама Кітая.
Сёння вучоныя з Жодзіна праводзяць селекцыю больш як 40 сельскагаспадарчых культур. Якімі, дарэчы, засяваюць 80 % пасяўных зямель нашай краіны. Дзякуючы спецыяльным умовам і мікраклімату, работы праводзяць круглы год.
У фітатронна-цяплічным комплексе можна знайсці, напрыклад, квітнеючы рапс. Наогул пры плюс 20-ці і пастаянным асвятленні аднолькава камфортна і яравым, і азімым. Сярод апошніх, дарэчы, асаблівая ўвага - гібрыдам азімага жыта. Гэта актуальная распрацоўка навукоўцаў.
Каманда з 12 вучоных НПЦ па земляробстве захоўвае традыцыі і робіць больш прадукцыйнай культуру, з якой пякуць такія любімыя гатункі хлеба, як "Нарачанскі" або "Барадзінскі".
2021-шы стане для жодзінскіх навукоўцаў юбілейным. Роўна 15 гадоў таму з розных інстытутаў утварыўся навукова-практычны цэнтр па земляробстве. Структура, якая ўносіць вялікі ўклад у развіццё ўсёй сельскай гаспадаркі.















