У Беларусі шанц на выздараўленне падарылі хлопчыку з Данбаса
Каля 30 дзяцей з рэгіёнаў, што ўваходзяць у зону баявых дзеянняў, крыху больш чым за год прайшлі рэабілітацыю ў беларускіх медыцынскіх цэнтрах. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі са шматлікімі парушэннямі ў развіцці, а некаторыя і з цяжкімі. Прымалі цэлымі групамі і сем'ямі.
Лісты аб дапамозе паступаюць і сёння. У апошнія снежаньскія дні ў рэспубліканскім цэнтры здароўе аднаўляе сямігадовы Максім з Данецка. Клопат беларускіх урачоў - таксама вынік пісьма, што знайшло водгук у адрасата. Падрабязнасці гісторыі расказала Юлія Алфёрава.
У пераднавагодні тыдзень у цуд вераць і дарослыя, і дзеці. Але калі справа датычыцца рэальных праблем, пішаш не нейкаму выдуманаму чараўніку, а рэальнаму чалавеку. Так было ў жанчыны з Данбаса, калі спатрэбілася тэрміновая рэабілітацыя яе дзіцяці. Ліст напісала беларускаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Гаворыць, нават не спадзявалася на адказ, але ён прыйшоў ужо праз тры дні.
У Максіма затрымка псіхамоўнага развіцця на фоне, мякка кажучы, неспакойнай сітуацыі за акном. Стан хлопчыка патрабаваў тэрміновага ўмяшання прафесіяналаў. Ліст Прэзідэнту Беларусі - крык аб дапамозе. А пачыналася ўсё з роліка ў Сетцы, яго выпадкова ўбачыла мама Максіма. На кадрах кіраўнік Беларусі гаварыў аб гатоўнасці дапамагчы дзецям з пацярпелых рэгіёнаў. А далей - ліст і дарога ў Беларусь.
Зараз хлопчык гаворыць не асобныя словы, а поўныя сказы. Ходзіць на поўнай ступні, а не на дыбачках, і ўсміхаецца.
Беларускія ўрачы сапраўды пастараліся, каб дні рэабілітацыі прайшлі максімальна прадукцыйна: аднаўлялі імунітэт, карэктавалі псіхамоўнае развіццё, выконвалі з дзясятак працэдур. Ад такой увагі, ды і ўмоў - простых чалавечых - адвыклі, гаворыць Аксана. Здзіўляюцца і стаўленню ўрачоў, і проста гарачай вадзе ў душы.
Ужо заўтра Максім і Аксана адправяцца ў Данецк, лічаць, колькі засталося спакойных начэй.
І гэтая казка не разавая акцыя. Амаль тры дзясяткі дзяцей з парушэннямі ў развіцці ўжо прыязджалі ў беларускія цэнтры. Усе фінансавыя абавязацельствы на сябе ўзяў фонд беларускага паралімпійца.
Яшчэ адзін ліст, адрасаваны кіраўніку дзяржавы. Яго адправяць заўтра - у дзень ад'езду. У ім мацярынская падзяка за поспехі сына.







