У Слуцку ўпершыню праходзіць тыдзень беларускай лялькі
Тыдзень беларускай лялькі - упершыню ў Слуцку. Гарадскі цэнтр традыцыйнай культуры вырашыў не толькі аднавіць народныя традыцыі, але і нагадаць пра гістарычнае значэнне лялькі ў нацыянальнай культуры. У Слуцк зазірнула Ларыса Гулякевіч.
Лялькі гульнёвыя, абярэгавыя, абрадавыя. У Слуцку праходзіць тыдзень беларускай лялькі. Інтэрактыўныя гульні, батлейка, майстар-класы - усё ў праграме свята.
Лялька-карагодніца лёгка робіцца, развівае дробную маторыку, заахвочвае юных наведвальнікаў творчага майстар-класа на стварэнне народных абярэгаў.
Куваткі - самыя распаўсюджаныя лялькі, якія рабіліся перад нараджэннем немаўляці. Іх развешвалі ў дзіцячым пакоі і над калыскай малыша як абярэг для салодкага сну.
А гэта мясцовыя - гульнёвыя, якія рабіліся выключна ў Слуцкім раёне.
Музей "Берагіня" Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры - сапраўдная скарбніца беларускай народнай лялькі - збірае ў калекцыю экспанаты, якія расказваюць пра гістарычнае паходжанне лялькі ў Беларусі. Сярод іх як шытыя, тэкстыльныя варыянты, зробленыя прафесійнымі майстрамі, педагогамі і навучэнцамі, так і лялькі-госці - падарункі з розных раёнаў Мінскай вобласці.
У слуцкай калекцыі прыгажуні з розных матэрыялаў - пап'е-машэ, дрэва, з лапікаў яркіх тканін, а таксама гліняныя.
Асаблівае месца ў экспазіцыі лялькам-мадэлям, якія дэманструюць нацыянальныя строі з арнаментамі, што адпавядаюць беларускім рэгіёнам і маленькім мястэчкам. А цэлая каманда герояў, створаных па беларускіх казках, удзельнічае ў спектаклях традыцыйнай слуцкай батлейкі.
Слуцкі цэнтр традыцыйнай культуры існуе 12 гадоў і аб'ядноўвае творчыя студыі і аматарскія калектывы: "Беларускую ляльку", "Саламянае суквецце", танцавальных "Тузанят", этнаграфічна-тэатральны "Калаварот" і фальклорную "Медуніцу", таксама майстэрні па ткацтве і лапікавым шыцці. У этнастудыі цэнтра "Беларуская хатка" для самых маленькіх наведвальнікаў лялечнага свята - інтэрактыўныя гульні, латарэйны розыгрыш.
У карагодзе мерапрыемстваў свята - традыцыі беларускай кухні. Да таго ж Слуцкі цэнтр культуры заўсёды запрашае прыняць удзел у абрадавых народных святах (Калядах, Масленіцы, Вялікадні, вяселлях і хрэсьбінах) з удзелам адпаведных лялечных герояў.







