У Зэльвенскім раёне з-за падзення дрэва загінула жанчына
У Беларусі працягваюць ухіляць наступствы непагадзі: шквалісты вецер і ліўні пагаспадарылі ў краіне. Больш за ўсё пацярпела Гродзенская вобласць. У Зэльвенскім раёне з-за падзення дрэва загінула жанчына. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінуўшая разам з мужам і дзецьмі прыехалі адпачыць на вадаём. Калі пачаўся шквалісты вецер, вырашылі сабраць рэчы. Дзеці схаваліся ў палатку, а на жанчыну звалілася дрэва. Ад атрыманых траўм яна памерла, муж і дзеці не пацярпелі.
Стыхія закранула таксама Дзятлаўскі і Свіслацкі раёны: сарваныя дахі жылых дамоў. Некалькі вёсак і ферм засталіся без святла. Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік экстранна выехаў у Зэльвенскі раён. На месцы НЗ быў разгорнуты абласны штаб па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі. Для грамадзян, чые дамы найбольш пацярпелі ад стыхіі, падрыхтавалі месцы для размяшчэння. Ратавальнікі праводзяць работы па распілоўцы і ўборцы паваленых дрэў.
Непагадзь унесла карэктывы і ў рух цягнікоў - былі затрымкі. Як паведамляе Беларуская чыгунка, самая складаная сітуацыя назіралася на ўчастку Маладзечна - Мінск. Напярэдадні саставы рухаліся са спазненнем да паўтары гадзіны з-за дрэў, якія ўпалі на пуці.
Непагодліва ў Беларусі будзе і сёння. Аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі: навальніцы, дажджы і моцны вецер. Парывы могуць дасягаць 20 метраў за секунду.







