Затрыманы адміністратары экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў - узбуджана крымінальная справа
Затрыманы адміністратары інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Гэта пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў, прычым трое з іх - непаўналетнія.
Аператыўную распрацоўку ГУБАЗіК рэалізаваў днямі пры сілавой падтрымцы спецпадраздзяленняў МУС. Паводле інфармацыі ведамства, фігуранты з 2020 года адміністравалі чатыры цік-ток акаўнты і два тэлеграм-каналы.
У затрыманых - неадназначны бэкграўнд. Так, адзін з падазроных, 17-гадовы жыхар Касцюковічаў, быў судзімы за апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці. Старэйшы, 26-гадовы нацыяналіст са Смаргоні, мае судзімасці за крадзеж. А 18-гадовы жыхар Буда-Кашалёва збіраўся адправіцца ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.
У МУС адзначылі тэндэнцыю: апошнім часам загранічныя куратары імкнуцца залучыць у пратэстную дзейнасць усё больш маладых людзей, у тым ліку непаўналетніх. Для гэтага выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, інтэрнэт-трэнды і псіхалагічныя выкруты. Пры гэтым сумысна замоўчваецца факт аб адказнасці за ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях.







