3.84 BYN
2.77 BYN
3.20 BYN
А. Лукашэнка: Абарона Брэсцкай крэпасці стала першым крокам на шляху да Вялікай Перамогі
Вайна пакінула адбітак у нашай свядомасці на дзесяцігоддзі. У Беларусі добра разумеюць, наколькі нетрывалы мір. І робяць усё для яго захавання. Мы не забываем урокі мінулага. Кожны год 22 чэрвеня а 4-й гадзіне раніцы ля сцен Брэсцкай крэпасці праходзяць памятныя мерапрыемствы як даніна павагі і падзякі тым, хто ваяваў да апошняга. За нас. Дзеля нас. Для нашай незалежнай будучыні. Сёння на досвітку ў мітынгу-рэквіеме ля сцен цытадэлі прыняў удзел і Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка перакананы: менавіта абарона Брэсцкай крэпасці стала першым крокам на шляху да Вялікай Перамогі.
Пра гісторыю памяці Вераніка Бута.
П. Кацельнікаў: Многія загінулі ў першыя секунды, не паспеўшы зразумець, што ж адбываецца вакол
Самы доўгі дзень у годзе і самы трагічны ў нашай гісторыі. 79 гадоў таму пачалася самая разбуральная вайна.22 чэрвеня 1941 года. 4 гадзіны раніцы. Гэтыя лічбы крывёй упісаны ў нашу гісторыю. Брэсцкая крэпасць прымае на сябе ўдар першай.
Пётр Кацельнікаў, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці:
"Многія загінулі ў першыя хвіліны, у першыя секунды, не паспеўшы зразумець, што ж адбываецца вакол. Гэтая артылерыйская кананада, выбухі снарадаў, мінамётны агонь - усё гэта ўскалыхнула зямлю".
Іх засталося толькі трое. Жывых. З некалькіх тысяч абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Самаму малодшаму - Пятру Кацельнікаву - у чэрвені 1941-га было ўсяго 12. Дзяцінства скончылася ў адну ноч.
Вогнетрывалая цэгла не вытрымлівала агнямётаў і авіяўдараў праціўніка
Крэпасць паступова ператваралася ў руіны. Прасцей, здавалася, падняць рукі і здацца, але не! Абарону трымаюць месяц, сваімі целамі да апошняга абараняючы краіну.
Выбухі і стрэлы, кроў і раненні на гэтым полі сёння, на шчасце, пастаноўка. Але вось страх і слёзы сапраўдныя. Нават ведаючы, што ўсё гэта паводле сцэнарыя, сэрца ўсё роўна замірае. Такімі рэканструкцыямі на досвітку ў 22-гі чэрвеньскі дзень тут звычайна ўспамінаюць трагічныя падзеі пачатку 40-х.
Мітынг-рэквіем. Без масавасці, але з выкананнем законаў гістарычнай памяці і абавязку
Сёлета без масавасці - пандэмія ўнесла свае карэктывы. Але ўсё ж абавязкова з выкананнем законаў гістарычнай памяці. Мітынг-рэквіем. У такім фармаце сёння ўспаміналі тых, хто гераічна аддаў жыццё за Радзіму.
Не спалося ў гэты дзень не толькі чыноўнікам і вайскоўцам. У першых шэрагах тыя, хто ніколі не зможа сцерці са сваёй памяці тыя кровапралітныя эпізоды 40-х. Тут і тыя, хто пасля сваімі рукамі з руін аднаўляў нашу краіну. На плошчы Цырыманіялаў сабраліся і тыя, чыя задача - зберагчы тое, што маем. Забараніць прыйсці сюды ў такі дзень было б няправільным. Памяць - гэта самае малое, чым мы можам аддзячыць пакаленню, якое падарыла нам нас.
Тут, у Брэсце, не раз здзяйсняліся подзвігі, не раз вырашаўся лёс усёй Еўропы. Абарона цытадэлі стала сімвалам стойкасці і самаахвяравання, агульным набыткам былых савецкіх рэспублік. Але, на жаль, спадчыннікамі той гераічнай гісторыі бачаць сябе не ўсе.
Маштабы супрацьстаяння, у якія па выніку вылілася вайна, наўрад ці меркаваў кожны з бакоў канфлікту. Вялікая трагедыя 40-х пакінула глыбокі шрам у нашай гісторыі. Брэст памятае. Беларусь памятае ў імя нашай свабоды.
Перамога будзе за намі - з гэтымі думкамі ішлі наперад. Ішлі 1418 дзён і начэй
Праз страты, але з бязмежнай верай.Уладзімір Сёмачкін - сын абаронца Брэсцкай крэпасці. Тут ён часты госць. На гэтай святой зямлі пахаваны яго бацька, і ўсе важныя рашэнні ў сваім жыцці ён прымае таксама тут, ля мемарыяла. Аўра асаблівая. Па прыкладзе свайго бацькі ведае: беларусы заўсёды адрозніваліся цвёрдым характарам і мужнасцю. І тады, у 40-х, і зараз.
Сёння мы рэдка задумваемся аб цане таго, што маем. Але хаця б часам, зазіраючы ў мінулае, успамінаючы подзвігі нашых герояў і тую цану, якую яны заплацілі за нашу волю, толькі так можна захаваць сябе, сваю сям'ю, сваю ідэнтычнасць.
Калі змоўк аркестр, удзельнікі жалобнага мітынгу пачулі, як спяваюць птушкі. У 1941-м гукі былі іншымі. І як прыемна сёння не спаць менавіта пад такую мелодыю.
Пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці напісаны кнігі, зняты кіламетры кінастужак
Бадай, няма нічога больш нетрывалага, чым мір. Яго рэальную цану ведаюць толькі нямногія сведкі тых страшных падзей. І яны просяць паверыць ім: як жа важна, каб Беларусь заставалася тэрыторыяй сяброўства і добрасуседства.
Працягваць традыцыі герояў - адначасова гонар івялікая адказнасць. Дні ўсенароднай памяці, святы Перамогі - усё гэта незаменныя атрыбуты эстафеты міру, якую ўсім нам трэба перадаць наступнаму пакаленню. Бо памяць аб героях - гэта аснова нацыянальнага гонару. Пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці напісаны кнігі, зняты кіламетры кінастужак.
Зараз выбар за намі. Ці будуць яны толькі фрагментамі мінулага або ж стануць для нас прыкладам, у якім мы возьмем сілы, каб пераадолець любыя выклікі і пагрозы будучыні.















