4 млн аргенцінцаў сустракалі чэмпіёнаў свету па футболе
Футбалістаў аргенцінскай зборнай, якія сталі чэмпіёнамі свету, пасля прыбыцця на радзіму сустракала літаральна ўся нацыя: у Буэнас-Айрэсе сабраліся, згодна з некаторымі падлікамі, не менш за 4 мільёны чалавек. Горад быў бітком набіты людзьмі ад цэнтра і да самых ускраін. У Буэнас-Айрэсе зараз стаіць спякота за 30 градусаў, але людзей гэта не спыніла. Назіральнікі гавораць пра пачуццё неверагоднага душэўнага ўздыму і яднання, якое ахапіла ўсіх аргенцінцаў. Трыумфальны праезд па горадзе каманды чэмпіёнаў доўжыўся 4 гадзіны, і ўрэшце яго давялося спыніць: аўтамабіль не мог далей прабівацца скрозь натоўпы людзей. Футбалістаў эвакуіравалі на верталётах. Футбольныя чыноўнікі абвінавацілі паліцыю ў тым, што яна сапсавала аргенцінцам свята: нездаволенасць тых, хто не ўбачыў сваіх герояў, перарасла ў масавыя беспарадкі.
Нагадаем, што ў мінулую нядзелю зборная Аргенціны ва ўпартай барацьбе атрымала перамогу над зборнай Францыі - камандам прыйшлося згуляць асноўны і дадатковы час, а потым прабіць серыю пенальці.







