3.84 BYN
2.81 BYN
3.23 BYN
Рубрыка "Матчбол" | 08.10.2018
Выдатная гульня ў выкананні сталічнай "Іслачы", няўдалы тыдзень для БАТЭ, пошук вікторыі хакейнага "Дынама" і чарговы крок наперад Арыны Сабаленкі. Спартыўную тэму ў панядзелак традыцыйна працягне наша рубрыка "Матчбол".
Футбольны клуб "Іслач" упершыню ў сваёй гісторыі абыгрывае БАТЭ, напярэдадні каманда з Мінскага раёна сенсацыйна перамагла дзеючага чэмпіёна: 2:1 у 24 туры чэмпіянату краіны.
Дубль Камароўскага прынёс 3 балы "Іслачы". У складзе "жоўта-сініх" адзначыўся Рыас. Гэта вікторыя стала ўсяго пятай для клуба з Мінскага рэгіёна. Яна дазволіла ўзняцца дружыне Віталя Жукоўскага на дзясятае месца - у актыве "Іслачы" 24 балы. Такія вікторыі ў памяці застаюцца назаўсёды, аднак яны немагчымыя без шанцавання.
А вось для БАТЭ гэта паражэнне ўсяго другое ў сезоне. І першае ў чэмпіянаце пад кіраўніцтвам Аляксея Багі. Тыдзень увогуле ж для барысаўчан выдаўся няўдалым - у чацвер у групавым раўндзе Лігі Еўропы на хатняй арэне "жоўта-сінія" без варыянтаў уступілі ПАОКу з Грэцыі 1:4.
А вось галоўныя праследавацелі БАТЭ ў чэмпіянаце сінхронна перамагаюць: мінскае "Дынама" 2:0 мацнейшае за футбалістаў са Смалявіч, салігорскі "Шахцёр" у гасцях 3:0 разграміў "Гомель". "Віцебск" таксама на выездзе, 2:0 перамог "Слуцк". Наступны тур чэмпіянату стартуе 19 кастрычніка.
А вось сталічнае хакейнае "Дынама" працягвае пошук сваёй гульні: у чарговай выязной серыі КХЛ "зубры" пакуль застаюцца без перамог.
Аднак і ў гульні супраць маскоўскага "Спартака", і ў матчы супраць "Сочы" беларусы павінны былі абыгрываць апанентаў. У абодвух гэтых паядынках мінчане вялі ў ліку. Вынік сустрэч: паражэнне ў авертаймах з аднолькавымі лічбамі 3:4. На гэты момант у "Дынама" 10 балаў і 11 месца ў Заходняй канферэнцыі. Наступны паядынак "зубры" пачнуць ужо праз 15 хвілін супраць "Ёкерыта" ў Хельсінкі.
Арына Сабаленка пасля перамогі на турніры ў кітайскім Ухане Міжнароднай жаночай тэніснай асацыяцыяй прызнана найлепшай тэнісісткай верасня. Беларуска працягвае барацьбу за выхад у выніковы турнір года. У спаборніцтвах у Пекіне Арына ўступіла ў чвэрцьфінале. Аднак у адноўленым сёння рэйтынгу ўсё ж зрабіла крок наперад - зараз яна 11-ая ракетка свету. Заўтра Сабаленка пачне барацьбу за тытул у кітайскім Цяньцзыне: летась беларуска тут дайшла да фіналу, дзе ўступіла Марыі Шарапавай.
На гэтым тыднi працягваем сачыць за хакейным "Дынама" ў КХЛ: у пятніцу падтрымліваем зборную Беларусі па футболе - супраць "Люксембурга згуляем" у Лізе нацый, а ў сераду салігорскі "Шахцёр" стартуе ў валейбольнай Лізе чэмпіёнаў.
Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.















