Рубрыка "Матчбол": футбол и баскетбол на гэтым тыдні ў авангардзе спартыўных падзей
Валейбольны “Шахцёр” займае дзясятае месца ў Суперлізе Расіі. Вынік для дэбютанта турніру выдатны, каманду чакае залатая серыя чэмпіянату Беларусі супраць гомельскай "Энергіі". Спартыўную тэму працягне рубрыка "Матчбол".
Футбол на гэтым тыдні ў авангардзе спартыўных падзей. Жодзінскае "Тарпеда" і мінскае "Дынама" перамаглі ў мінулы ўік-энд, аднак у лідарах чэмпіянату нечакана мазырская "Славія".
Напярэдадні каманда Івана Біёнчыка была мацнейшай за "Арсенал", 3:0. Як вынік ужо на 3 балы "Славія" апярэджвае "Тарпеда-БЕЛАЗ". "Аўтазаводцы" ў суботу прымалі "Смаргонь" і не пакінулі шанцаў апанентам, 2:0. Адзначым гол плюс пас Дзмітрыя Лісаковіча.
У мінскага "Дынама" 12 балаў пакуль, на 1 менш чым у "Тарпеда". У 7-м туры бела-блакітныя ў Магілёве перамаглі мясцовы "Днепр", 2:0. Сенсацыяй завяршылася гульня паміж клубамі "Іслач" і "Нёман", каманда Ігара Кавалевіча саступіла 0:2 і пацярпела другое паражэнне запар. У дружыны з Гродна таксама 12 балаў у актыве.
А ў Мар’інай Горцы тым часам стартаваў чэмпіянат Мінскай вобласці па футболе. У матчы-адкрыцці мясцовая "Вікторыя" перамагла рэзервістаў футбольнага клуба "Іслач", 1:0.
Чэмпіён першынства Мінскай восбласці атрымае 150 тыс. беларускіх рублёў
Валейбольны "Шахцёр" атрымлівае дзве перамогі і саступае "Дынама" з Ленвобласці ў апошніх гульнях Суперлігі Расіі. На хатняй пляцоўцы не атрымалася ў "гарнякоў" заваяваць выніковае 9-е месца чэмпіянату. Каманда завяршыла на 10-й пазіцыі, што выдатна, улічваючы, што беларусы - дэбютанты турніру.
Дарэчы, сёння галоўны трэнер "Шахцёра" Віктар Бекша святкуе сваё 50-годдзе. Рубрыка "Матчбол" віншуе спецыяліста і жадае новых яскравых перамог у кар’еры.
На гэтым тыдні сочым за футболам. Вас чакае 8-ы тур першынства Беларусі, а паралельна цікавімся баскетболам, сочым за паўфінальнымі серыямі чэмпіянату краіны па баскетболе. Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.







