Прарыў дамбы ў Орску - падтоплена больш за 6 тыс. жылых дамоў і 9 тыс. прысядзібных участкаў
У Арэнбургскай вобласці Расіі з-за прарыву дамбы адрэзаны ўжо больш чым 150 населеных пунктаў. Падтоплена больш за 6 тысяч жылых дамоў і 9 тысяч прысядзібных участкаў. На месцы працуюць звыш 700 ратавальнікаў. Людзей вывозяць на транспарцёрах, маторных і надзіманых лодках. Ужо эвакуіравана каля 4,5 тысячы чалавек, у тым ліку звыш тысячы дзяцей. Самастойна пакінуць дамы жыхары затопленых раёнаў не могуць.
Вада працягвае наступаць - у Орску ўжо падтоплена некалькі вуліц, мікрараён, плошча і частка Старога горада, эвакуіраваны пацыенты адной з бальніц.
У Арэнбургу часткова абмежаваны рух аўтамабіляў, узведзены штучны насып. Жыхароў некаторых раёнаў папрасілі пакінуць свае дамы. У рэгіёне дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі, узбуджана крымінальная справа аб парушэнні правіл бяспекі пры вядзенні будаўнічых работ і халатнасці.
Паведамляецца, што дамба, разлічаная на ўзровень вады максімум 5,5 метра, не вытрымала нагрузкі. Узровень вады ў рацэ Урал ужо дасягнуў 11 метраў.







