3.41 RUB
3.43 USD
3.57 EUR
1 канал
15 лістапада 1925 года ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. У гэты ж дзень у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: "Увага! Гаворыць Мінск!"
Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. Шырока выкарыстоўваліся магчымасці радыё і як сродкі асветы. У эфіры пачала гучаць музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе 300 вёрст, і гучалі яны ўсяго 30 хвілін за суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.
Так пачыналася гісторыя Беларускага радыё.
Сёння Беларускае радыё - гэта сучасная высокатэхналагічная структура, якая ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы (Першы нацыянальны і канал "Культура") і тры радыёстанцыі ("Радыус-FM", "Сталіца" і радыё "Беларусь").
Візітная картка Беларускага радыё - Першы нацыянальны канал - найбуйнейшы радыёканал Беларусі, асноўнымі вяшчальнымі прыярытэтамі якога з'яўляюцца аператыўнасць, масавасць і даступнасць.
Сетка вяшчання заснавана на спалучэнні інфармацыйных, тэматычных і музычных перадач. FM/УКХ-перадатчыкі канала забяспечваюць ахоп 99,87 % тэрыторыі Беларусі і прыгранічных раёнаў Расіі, Украіны, Еўрасаюза. Эфірнае FM-вяшчанне канала і online-вяшчанне ў інтэрнэце вядзецца кругласутачна. Навіны на канале выходзяць кожную гадзіну, уласныя карэспандэнты працуюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
Першы нацыянальны - адзіны радыёканал у Беларусі, які трансліруецца ў лічбавым фармаце (у сацыяльным пакеце лічбавага тэлебачання Multiplex-1).
Канал прапануе сваёй аўдыторыі разнастайны аналітычны кантэнт, дыскусіі гучаць у эфіры штодзень. З актуальнымі каментарамі па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі выступаюць аўтарытэтныя эксперты - дэпутаты, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, палітычныя аглядальнікі і палітолагі.
На канале праводзяцца прамыя радыётрансляцыі важнейшых грамадска-палітычных падзей з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - пасланняў беларускаму народу і парламенту, урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці, прэс-канферэнцый журналістам беларускіх і замежных СМІ, Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і іншых.
Спартыўныя агляды гучаць штодзень у кругласутачным рэжыме. Вядомыя спартсмены і трэнеры, прадстаўнікі федэрацый пастаянна прымаюць удзел у тэматычным спецпраекце "Беларусь спартыўная". Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю дзіцяча-юнацкага спорту ў краіне, дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Культуралагічныя перадачы накіраваны на захаванне і прымнажэнне нацыянальнай спадчыны Беларусі. На канале штодзень трансліруюцца радыёспектаклі, лірычныя замалёўкі і радыёкампазіцыі, праводзяцца "круглыя сталы" з удзелам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва.
Музычнае вяшчанне арыентавана на папулярызацыю творчасці сучасных беларускіх аўтараў і выканаўцаў, у тым ліку пераможцаў і ўдзельнікаў шоу "Фактар.by". Пры гэтым у эфіры рэгулярна гучаць і залатыя хіты мінулых гадоў.
Інтэрнэт-рэсурсы Першага нацыянальнага канала (сайт радыё.бел, афіцыйныя акаўнты ў сацыяльных сетках TikTok, Instagram, Аднакласнікі, VK, Facebook, YouТube-канал) напоўнены разнастайным кантэнтам - кароткімі аўдыё- і відэафрагментамі эфірных перадач, пазаэфірнымі падкастамі і відэаролікамі, пашыранымі версіямі інтэрв'ю, архіўнымі запісамі эфіру.
Першы нацыянальны канал мае самую шырокую трансляцыйную сетку ў краіне, яго можна слухаць практычна ў любым пункце Беларусі.
Быць даступным і заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць - усё гэта адлюстравана ў дэвізе Першага нацыянальнага канала "Будзем разам!".
АДРАС
г. Мiнск, вул. Красная, 4
г. Мiнск, вул. Макаенка, 9
ТЭЛЕФОН
+375 17 311 58 48
E-MAIL
maxim@radio.tvr.by
САЙТ
www.radio1.by