3.84 BYN
2.80 BYN
3.26 BYN
А. Лукашэнка: Перамены - гэта не ломка, не злом, а эвалюцыйнае развіццё
Забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, пераемнасць сацыяльнай палітыкі і пераразмеркаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта, парламента і ўрада - гэта толькі некаторыя прынцыпы праекта абноўленай Канстытуцыі. Сёння яго прадставілі Прэзідэнту.
Дакумент стаў вынікам працы Канстытуцыйнай камісіі. Яе стварылі вясной, і паўгода каля сарака чалавек займаліся распрацоўкай прапаноў па змяненнях у Асноўны закон. За плячамі суаўтараў аналіз сусветнага вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і вывучэнне тэндэнцый развіцця канстытуцыйнага заканадаўства. Праведзена вялікая работа, і асноўная яе мэта дасягнута, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Варыянт праекта новага Асноўнага закона краіны гатовы!
Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты 2022 г.
Тым не менш застаецца шэраг спрэчных момантаў, падкрэсліў Прэзідэнт. Менавіта да іх сёння прыкавана ўвага ўдзельнікаў нарады. Таксама асобныя прапановы напэўна паступяць падчас усенароднага абмеркавання, іх таксама не пакінуць няўлічанымі. Канчатковае рашэнне, якім быць новаму Асноўнаму закону краіны, прыме народ: рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года. Уся праведзеная і наступная работа павінна стаць асновай для кансалідацыі грамадства і закласці прававы падмурак для развіцця краіны на перспектыву, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт: Канстытуцыю ствараюць для беларускага народа
Новая Канстытуцыя павінна служыць беларускаму народу. Для гэтага ўдасканальваюць Асноўны закон краіны, акцэнтаваў Прэзідэнт. А ўсіх, хто бярэ ўдзел у распрацоўцы дакумента, Аляксандр Лукашэнка заклікаў падумаць аб сваіх дзецях: ім жыць па новых законах. Яны павінны ўлічыць і ўрокі мінулага года, калі апаненты ўлады спрабавалі ўнесці раздрай у грамадства і разбурыць яго ўстоі. У гэтай частцы Канстытуцыя павінна прапісаць паўнамоцтвы і функцыі органаў улады. У цэлым прапанавана змяніць 53 артыкулы Канстытуцыі, дадаць 14 новых і 3 выключыць. Абноўлены Асноўны закон захоўвае прэзідэнцкую форму кіравання (але пры гэтым удакладняе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, урада і парламента) і ўстанаўлівае канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу. Сумнення не выклікае яшчэ цэлы шэраг прапаноў.
Зняць спрэчныя пытанні ў праекце Канстытуцыі даручана на працягу месяца
Спрэчнымі застаюцца некалькі блокаў пытанняў - гэта склад і фарміраванне Усебеларускага народнага сходу, прымяненне смяротнай кары (для гэтага плануецца правесці спецыяльны рэферэндум) і права працоўных калектываў вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Зняць усе спрэчкі Прэзідэнт даручыў на працягу месяца. Для гэтага будзе створана спецыяльная група, якая дапрацуе праект Асноўнага закона. Прымаць удзел будзе і Канстытуцыйная камісія. Толькі пасля гэтага Канстытуцыю чакае ўсенароднае абмеркаванне. На кожную літару галоўнага закона паглядзяць і юрысты. А затым галасаваць за змяненні будуць беларусы на рэферэндуме.















