3.76 BYN
2.83 BYN
3.34 BYN
А. Лукашэнка прымае ўдзел у самітах у Таджыкістане
Сёння ў Душанбэ дзень вялікай палітыкі. Сталіца Таджыкістана прымае саміты Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і АДКБ. Удзельнічае ў гэтых мерапрыемствах і беларускі Прэзідэнт.
Сёння - дыялог лідараў у рамках ваенна-палітычнага блока. Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ пачалася з пратакольных мерапрыемстваў. Ля цэнтральнага ўваходу Палаца Нацыі кіраўнікоў дзяржаў сустракаў міністр замежных спраў Таджыкістана, а ў холе палаца іх вітаў Эмамалі Рахмон. Перамовам папярэднічала традыцыйная цырымонія фатаграфавання. Ужо пасля гэтага лідары дзяржаў і Генсак АДКБ Станіслаў Зась адправіліся на перамовы ў вузкім складзе. З беларускага боку ў іх таксама ўдзельнічае міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Парадак пасяджэння ў вузкім складзе ўключае ўсяго адно пытанне, але кіраўнікам дзяржаў трэба абмеркаваць шырокі спектр тэм па праблемах міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, а таксама падвесці вынікі дзейнасці арганізацыі. З улікам сітуацыі ў свеце і па перыметры меж аб'яднання асаблівую значнасць набывае менавіта фармат рэальных зносін.
Адно з найважнейшых пытанняў - сітуацыя ў Афганістане. Ідзе эскалацыя напружанасці ў рэгіёне. Аляксандр Лукашэнка на папярэдняй сустрэчы ў анлайн-фармаце заклікаў выпрацаваць да саміту ў Душанбэ агульную пазіцыю па Афганістане. Але тэматыка размовы лідараў куды шырэйшая. Злом сістэмы міжнародных адносін, рост актыўнасці і ваеннага патэнцыялу НАТА, міграцыйныя праблемы - усё гэта ў зоне ўвагі і патрабуе адэкватнай рэакцыі аб'яднання.
Плануецца, што лідары прымуць Дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі і падпішуць некалькі дакументаў, датычных міратворнасці, забеспячэння дзейнасці войскаў і абсталявання іх узбраеннем.















