Аляксандр Лукашэнка правёў у Душанбэ сустрэчу з Імранам Ханам

Беларусь вельмі зацікаўленая развіваць супрацоўніцтва з Пакістанам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Імранам Ханам у Душанбэ.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:
Мы вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з вялізнай краінай, якой з'яўляецца Пакістан. Я перакананы, што вашы спецыялісты і члены ўрада знойдуць у Беларусі шмат цікавага для Пакістана.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што зараз тавараабарот паміж краінамі зусім невялікі. У той жа час, паводле яго слоў, нягледзячы на цяжкія, як гавораць у свеце, часы, аб'ёмы ўзаемнага гандлю ў мінулым і асабліва гэтым годзе істотна выраслі. Да канца года з візітам Пакістан наведае міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Бакі ўмовіліся актывізаваць працу па падрыхтоўцы пасяджэння міжурадавай камісіі.

"Гэта дазволіць інтэнсіфікаваць нашы кантакты ва ўсіх сферах. Закрытых тэм у нас у адносінах з Пакістанам няма", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў паспяховае развіццё Пакістана, якое не спыняюць нават існуючыя ў рэгіёне складанасці. "Будзем рады ўнесці свой уклад у гэтае развіццё. І чакаем вас у Мінску", - падагульніў ён.

Імран Хан пагадзіўся, што рэгіён зараз перажывае не самыя простыя часы: краіны змагаюцца з наступствамі пандэміі, з'явіліся новыя выклікі ў сферы бяспекі пасля падзей у Афганістане, неабходна таксама вырашаць розныя палітычныя пытанні.

Прэм'ер-міністр адзначыў: адносіны паміж дзвюма краінамі існуюць ужо даўно, асабліва цесна Беларусь і Пакістан супрацоўнічаюць у сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Ён выказаў надзею, што візіт беларускай дэлегацыі ўнясе ўклад ва ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва.