3.65 BYN
3.04 BYN
3.60 BYN
Знешняя і ўнутраная палітыка Беларусі - важны блок Паслання Прэзідэнта
Яшчэ адзін важны блок Паслання - палітыка ўнутраная і знешняя. Ад барацьбы з карупцыяй да "Хельсінкі-2". Мы ўжо адзначалі, што сёлета асноўны акцэнт зроблены на справы ўнутраныя - на эканоміку, рост дабрабыту чалавека, на яго развіццё. Але гэта не значыць, што нам не цікава, што адбываецца за межамі Беларусі. У наш час усе мы адно ад аднаго ў той ці іншай ступені залежым.
Часта прапаноўваць рэгіянальныя і глабальныя ініцыятывы, калі не прадуманы і не рэалізаваныя ранейшыя, афіцыйны Мінск не збіраецца. Напрыклад, Украіна. Нават студэнту-палітолагу зразумела, што да заканчэння фарміравання новай улады ў Кіеве, калі такое ўсё-такі здарыцца, гаварыць пра мінскія пагадненні па Данбасе няма з кім і не час. Або падрыхтоўка новага Хельсінкскага працэсу - ініцыятыва Беларусі з парадку дня не знімаецца, але і канкрэтыкі няма, лідары еўрапейскіх дзяржаў не здольныя нават у фармаце АБСЕ сабрацца.
Аналітыкі ўпэўнены: рана ці позна ўсведамленне важнасці новага вялікага дагавора прыйдзе. Галоўнае - каб Еўропа вытрымала, і з ёй не здарыўся чарговы кантынентальны канфлікт або крызіс.
Рэпартаж Андрэя Крывашэева. Калі запалаў сабор Парыжскай Божай Маці, многім у свеце здалося - ну якія яшчэ перасцярогі патрэбныя, каб уціхамірыць ганарыстасць і прывесці ў парадак справы на кантыненце. Прэзідэнт у Пасланні таксама ўлавіў гэты меседж. А хто яшчэ з еўрапейскіх палітыкаў задумаўся? Страшныя кадры пажару выгадна прадаюцца ў СМІ і Інтэрнэце. Збор сродкаў на аднаўленне ператварыўся ў палітычнае шоу. Плюс ёсць пажары куды больш небяспечныя. У еўрапейскай краіне - Украіне - пяць гадоў то гарыць, то тлее Данбас, а палітычнай волі - славянскай, нармандскай або амерыканскай - як не было так і няма.
Беларусь за адкрытасць. Не задавальняе мінская ініцыятыва "Хельсінкі-2"? Прапануеце сваю, лепшую. Але не дабівайце другой рукой рэшткі міжнароднага права - ракетамі сярэдняй і меншай далёкасці, гандлёвымі войнамі, палітычным шантажом.
Сказаць, што ў Беларусі няма спробаў "раскачаць" унутраны канфлікт, таксама нельга. Напрыклад, тэма двухмоўя палітычна і ў народным успрыманні закрытая, але рэгулярна то змагар за беларускае, то абаронца рускага на моўным пытанні вытанцоўвае. Або крыжы ў Курапатах - замест журботнай цішыні суцэльная лаянка. Або кібербяспека - замест работы ў Сетцы прапаноўваюць аўтаномны Інтэрнэт, г. зн. закрыць, забараніць, адрэзаць.
Прэзідэнт катэгарычна супраць любых гульняў з грамадствам. Яно ў нас нацыянальныя інтарэсы ўсведамляе і ва ўладзе цэніць перш за ўсё дзве якасці - сумленнасць і справядлівасць. Адсюль шчыры адказ аб абнаўленні Канстытуцыі. І гатоўнасць задзейнічаць у рабоце над Асноўным законам суддзяў, экспертаў, дэпутатаў і палітычныя партыі.
Ці гатова Беларусь да канстытуцыйных навацый? Прэзідэнт і эксперты лічаць, што так. Пакаленне суверэнітэту вырасла і памацнела. Улада, бізнес, грамадства ацанілі значэнне суверэнітэту для кожнага праекта і чалавека. Давер да інстытутаў улады ёсць. Генераваць ідэі для абнаўлення Канстытуцыі будзе ўжо новы склад парламента. Выбары сёлета. Аптымальны тэрмін, на думку лідара, у раёне сімвалічнай даты 7 Лістапада. Што да выбараў прэзідэнцкіх, то і яны ў строгай адпаведнасці з законам адбудуцца ў наступным, 2020 годзе. Выбіраць зручны момант, падладжвацца пад знешнія ці ўнутраныя сілы Кіраўнік дзяржавы не мае намеру. Толькі адкрытая палітыка.
Знешнія прыярытэты ў Беларусі нязменныя. СНД і наш з Кітаем "Шаўковы шлях" – моцная нітка або артэрыя, якая злучае кантынент. Два саюзы: Еўразійскі, які ўзначалім у будучым годзе, і Еўрапейскі - абараніць раўнапраўе, гандаль, праекты развіцця. Злучаныя Штаты і далёкая дуга знешняй палітыкі - ідзем настолькі далёка, наколькі нас прымаюць партнёры. Так, Беларусь турбуе новая хваля гандлёвых войнаў і зброя НАТА ля нашых межаў. Але пачынальнікамі канфлікту мы не выступаем. Спакойна і празрыста для назіральнікаў правядзём вучэнні "Шчыт Саюза - 2019". Ніякіх турбот для суседзяў і партнёраў. У сучасным свеце гэта амаль унікальная якасць Беларусі. Тэма, што, на жаль, не сыходзіць з медыяпрасторы, - больш цесная інтэграцыя Беларусі і Расіі. Саюзны дагавор 1999 года, аб які зламана столькі палітычны коп’яў у асноўным у інтэрнэт-рыторыцы, актуальны і на перагаворным стале, заяўляе наш пасол у Расіі Уладзімір Сямашка. Беларусь дагавор падтрымлівае і настойвае на яго выкананні, але з дзяржаўным прагматызмам і зыходзячы з сучасных рэалій. Наша бачанне расійскім калегам перададзена яшчэ 21 сакавіка, саюзнік адказалі толькі на гэтым тыдні. Наша пазіцыя безумоўная: Беларусь як суверэнная дзяржава адбылася і ўсе перамовы вядзе і будзе весці менавіта з гэтых пазіцый.
Як важная рыска да партрэта палітычнай часткі Паслання прапанова дэпутата Ігара Марзалюка ўвесці асаблівы для беларускай дзяржаўнасці дзень - 5 чэрвеня. У гэты дзень памінаем святую Еўфрасінню Полацкую. У Полацку ж геаграфічны цэнтр Еўропы і калыска нашай дзяржаўнасці. Кіраўнік дзяржавы над прапановай заклікае падумаць разам і сур'ёзна. Хаця як прышчэпка ад гістарычнай амнезіі (сваёй і суседзяў) сімвал выбраны дакладна.
Галоўны падтэкст Паслання - глыбокае ўсведамленне свайго нацыянальнага адзінства. Розныя канфесіі, мовы, палітычныя погляды і эканамічныя дактрыны не перашкаджаюць нам быць адзінай грамадзянскай нацыяй і праз чвэрць стагоддзя пасля прыняцця Канстытуцыі кожны дзень інвеставаць таленты і поспехі кожнага ў сваю незалежную дзяржаву.