3.63 BYN
3.10 BYN
3.62 BYN
Аляксандр Лукашэнка выпрабаваў новую распрацоўку Гомсельмаша - суперкамбайн
Тэст-драйв самага высокага ўзроўню. Аляксандр Лукашэнка сёння падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць выпрабаваў новую распрацоўку Гомсельмаша - суперкамбайн. Менш за год таму канструктарам паставілі задачу сабраць машыну сусветнага ўзроўню. І вось сёння камплект з трох навінак ужо тэсціруецца ў рэальных умовах жніва. Палявыя выпрабаванні такой высокатэхналагічнай машыны - адно задавальненне для пілота: 21 кілаграм збожжа за секунду, найноўшая электроніка, максімальная эфектыўнасць уборкі ўраджаю з мінімальнымі стратамі і кантроль са спадарожніка. Праверку на трываласць аграрным навінкам Гомсельмаша наладзілі на палях гаспадаркі "Александрыйскае", дзе ўраджайнасць 60 цэнтнераў з гектара - упэўнены паказчык. Праўда, магутная тэхніка - гэта толькі палова поспеху. Селекцыя, падрыхтоўка да сезона і, вядома, навучанне механізатараў. Цэлы комплекс вострых пытанняў аграрнай сферы спецыялісты сёння абмеркавалі з Кіраўніком дзяржавы. Андрэй Крывашэеў больш падрабязна.
Як і было абяцана Прэзідэнтам учора падчас наведвання Гомсельмаша, сёння - дзень для тэст-драйву новай тэхнікі. Адразу тры навінкі праходзяць абкатку на палях гаспадаркі "Александрыйскае". Тут нядрэнная па мерках бягучага года ўраджайнасць - пад 70 цэнтнераў, і палі, падрыхтаваныя ў дакладнасці па тэхналогіі. Гэта абавязковая ўмова. Другое - механізатары. Цэняць вопыт, інтэлект і навучальнасць. Дарэчы, аднаго з пілотаў-эксперыментатараў тут за вочы завуць Шумахерам.
Зрэшты, лідара цікавіць не толькі тэхніка. Гэта толькі вяршок айсберга. А пачынаюць з асноў - насення і селекцыі. Стрымана пахваліўшы кіраўніка, парадак і тэхналагічнасць відавочныя, лідар пытае аб паходжанні гатункаў. Аказваецца, мясцовая селекцыя, ды яшчэ з гаспадарскай руплівасцю, дае лепшыя ўраджаі, чым самы знакаміты імпарт.
Другое прынцыповае пытанне - сістэма гаспадарання. "Александрыйскае" - буйны холдынг са стаўкай на свініну, птушку і малако. Ёсць свой брэнд і гандлёвая сетка. Гэта значыць - ад поля да прылаўка поўны замкнёны цыкл. Хоць Прэзідэнта бянтэжаць маштабы: у пагоні за гігантызмам можна страціць селяніна, чалавека. А сацыяльная сфера для дзяржавы найважнейшае пытанне. Яшчэ адно пытанне - інвеставанне ў сяло і крэдыты. На прыкладзе паспяховага аграхолдынга трэба адпрацаваць фінансавую схему ў нюансах і ў маштабах усёй Беларусі.
Досвед "Александрыйскага" і наведанага нядаўна бялыніцкага СВК "Радзіма" будзе выкарыстоўвацца не толькі ва ўжо дзеючых аграхолдынгах, але і ў тых, што толькі ствараюцца. Напрыклад, у "Купалаўскім" або новым, які можна стварыць у Шклоўскім раёне, не раздаючы гаспадаркі па палях. Рэкамендацыі дырэктара - толькі поўны цыкл, стаўка на ялавічыну і свініну, малочная група толькі з эксклюзіўнымі брэндамі, і лепш у саюзе з моцным малочным брэндам. Такім, як "Савушкин продукт" або "Бабушкина крынка". Прэзідэнт, дарэчы, таксама планаваў для "Купалаўскага" эксклюзіў.
Новая лінейка Гомсельмаша, аб якой падрабязна гаварылі ўчора, гэта па вялікім рахунку тры мадэлі. Суперкамбайн - люксавая і самая магутная версія. Яна акупіць сябе ў 6 дзясятках лепшых беларускіх гаспадарак і як экспартны брэнд для жытніц.
Другая машына - палепшаная масавая версія. Плюсуе трэць да прадукцыйнасці за кошт ротарнай тэхналогіі. З суперкамбайнам яны, як "мерседэс"-спарткар, і ён жа, але масавай версіі. Марка адна - задачы розныя. Трэці кірунак - газаматорныя рухавікі. Выйграюць на паліве і экалагічнасці.
Кіраўнік дзяржавы тэстуе суперкамбайн. Трэба зразумець, як ён павядзе сябе на капрызнай беларускай ніве. Бо ў нас не чыстыя роўнядзі Краснадара і Кубані, а вельмі патрабавальная да аграрыяў "зона рызыкоўнага земляробства".
Прэзідэнта цікавяць усе нюансы: як паводзіць сябе машына на складаных участках, як працуе складаная электроніка, якая фіксуе вільготнасць збожжа, ураджайнасць і што адказвае за аўтапілатаванне. Плюс - разгрузка - выгрузка. Гэта таксама важны этап: відаць, наколькі чыста адпрацавала разумная аўтаматыка.
Першыя эмоцыі лідара і ацэнку навінкі Гомсельмаша ловім літаральна з колаў. Тэхніка - выдатная, але нават ураджайнасці і дысцыпліны "Александрыйскага" для яе мала.
Другое пакуль вузкае месца - механізатары. Прэзідэнт вобразна жартуе: за такі штурвал можна пусціць хіба што "прафесара", чалавека з інжынернай хваткай, гэта ўжо сур'ёзна. З пілотам-выпрабавальнікам, што быў з Прэзідэнтам у камбайне, гутарым асобна.
Каб зарабіць належную кваліфікацыю, патрэбныя курсы на заводзе-вытворцы на зімовы сезон. З Гомсельмашам учора дамовіліся.
Апошні тэст для навінак Гомсельмаша - поле пасля ўборкі. Прэзідэнт ставіць задачу знайсці неабмалочанае збожжа. Да пошукаў падключаецца і віцэ-прэм'ер, і губернатар, і прэс-сакратар з журналістамі. Але за пару хвілін знойдзена ўсяго пару зерняў. А гэта найвышэйшая чысціня працы.
Выніковая ацэнка Прэзідэнта - станоўчая. Найбліжэйшыя задачы - надзейнасць складанай электронікі і максімальная лакалізацыя вытворчасці, каб суперкамбайн і ўсе навінкі імкнуліся да 100%-га беларускага паходжання вузлоў і агрэгатаў.
Значная частка гэтай задачы ляжыць на плячах нават не самога Гомсельмаша, а ўсіх беларускіх смежнікаў. Іх амаль 4 сотні. І найбліжэйшага - аршанскага вытворцы прылад для станкоў - лідар паабяцаў падштурхнуць інспекцыяй ужо на будучым тыдні.