3.64 BYN
3.04 BYN
3.57 BYN
Беларусь - Пакістан. Развіццё адносін абмеркавалі ў Мінску
Яшчэ адна сустрэча ў Палацы Незалежнасці сёння прайшла пад знакам супрацоўніцтва Мінска і Ісламабада. Пакістан - адна з самых буйных краін па колькасці насельніцтва ў свеце. Гэта больш за 200 мільёнаў чалавек. А яшчэ дзяржава Паўднёвай Азіі - ёмісты і перспектыўны рынак. Стаіць задача да канца 2020 года павялічыць тавараабарот да мільярда долараў. Над гэтым працуе сумесная беларуска-пакістанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Таксама створаны профільныя рабочыя групы па ўзаемадзеянні ў навуцы, прамысловасці, АПК, адукацыі і ваеннай сферы.
Сёння Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл Пакістана. Размова выйшла за рамкі толькі армейскіх тэм. Наша краіна актыўна наладжвае адносіны з Пакістанам па ўсіх кірунках. У жніўні гэтага года там абралі новага кіраўніка ўрада, ім стаў Імран Хан. Нягледзячы на перамены, Беларусь мае цвёрды намер развіваць супрацоўніцтва. Тым больш у краін моцныя ўзаемаадносіны і вялікія перспектывы. Сёння Аляксандр Лукашэнка перадаў запрашэнне для прэм'ер-міністра Пакістана наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Падстава значная: у наступным годзе Мінск і Ісламабад адзначаць чвэрцьвекавы юбілей усталявання дыпадносін.
Падчас сённяшняй сустрэчы абмеркавалі і глабальныя праекты ў рэгіёне. Зараз Ісламабад і Пекін будуюць Кітайска-пакістанскі эканамічны калідор. А Беларусь удзельнічае ў маштабным праекце "Адзін пояс і адзін шлях". Рэалізацыя гэтых ініцыятыў - добрая магчымасць для спалучэння эканамічных інтарэсаў. Што тычыцца ваеннага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што мы гатовыя паказаць усё, што іх зацікавіць у Беларусі. Дарэчы, Узброеныя сілы Пакістана - больш, чым проста армія. Людзі ў пагонах там рэалізуюць і важныя для краіны праекты ў сацыяльнай сферы.
На памяць аб гэтай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Зубайр Махмуд Хаят абмяняліся падарункамі. Ад беларускага лідара на памяць - корцік і цукеркі "Прэзідэнт". Створаныя з натуральных інгрэдыентаў і без цукру, прысмакі ўжо сталі традыцыйным гасцінцам для замежных дэлегацый.
Сёння партнёры з Пакістана таксама правялі перамовы ў Міністэрстве абароны і беларускім МЗС, падчас якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця ваеннага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Генерал Зубайр Махмуд Хаят адзначыў, што пакістанскія вайскоўцы маюць намер узяць удзел у конкурсах Армейскіх міжнародных гульняў, якія ў наступным годзе правядуць на тэрыторыі нашай краіны. Праграмай візіту (ён прадоўжыцца да 19 снежня) таксама прадугледжана наведванне прадпрыемстваў прамысловага і абароннага сектараў Беларусі.