3.84 BYN
2.80 BYN
3.26 BYN
Перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з ЕБРР абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці
Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Перспектывы супрацоўніцтва нашай краіны з гэтай фінансавай структурай абмеркавалі сёння ў Палацы Незалежнасці. 2018 стаў самым паспяховым за ўсю гісторыю нашай сумеснай працы. За мінулы год інвестыцыі ў эканоміку Беларусі павялічыліся ў два разы. Асаблівая ўвага - праектам, ад якіх залежыць якасць жыцця людзей. Садзейнічае банк і развіццю ў краіне прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Праўда, у апошнія гады расце і ўзровень дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Тэмпы супрацоўніцтва запавольваць не плануюць. На якія праекты ў першую чаргу накіруюць фінансаванне? З Палаца Незалежнасці з падрабязнасцямі Вераніка Бута.
Беларусь і ЕБРР - партнёры ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця працуе ў нас з 1992. Але менавіта мінулы год стаў самым паспяховым за ўсю гісторыю супрацоўніцтва. Банк прафінансаваў 21 праект на суму больш за 360 мільёнаў еўра. Зараз наша краіна ў дзясятцы самых актыўных і, што не меней важна, надзейных партнёраў. Як выйсці ў топ-5, абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці.
Сума Чакрабарці ў нашай краіне ўжо трэці раз. Кіраўнік ЕБРР у Мінск прыязджае стабільна - праз год. І заўсёды ў графіку перамовы з Кіраўніком дзяржавы. Бо як пазней прызнаецца топ-менеджар, дасягненне такога ўзроўню супрацоўніцтва стала магчымым толькі дзякуючы той палітыцы, якую рэалізуе ў краіне наш Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка, прывітаючы госця, акцэнт зробіць на якасці сумесных праграм. Яны накіраваныя на тое, каб жыццё беларусаў стала больш камфортным.
Так, свайго роду візітная картка ЕБРР - праграмы ў сферы ЖКГ. Крэдыт накіруюць на павышэнне энергаэфектыўнасці жылфонду. Пачнуць са сталіцы. Комплексная цеплавая мадэрнізацыя чакае першыя 65 дамоў. Работы пачнуцца ў другой палове 2019. Праект пілотны, разлічаны ён на два-тры гады, але калі гэты эксперымент удасца, працэс запусцяць па ўсёй краіне.
Два гады таму ў эфіры нашага тэлеканала кіраўнік ЕБРР гаварыў: да 2020 у партфелі ўсіх інвестыцый банка амаль палову павінны заняць менавіта праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці. Выйграюць ад гэтага ўсе.
ЕБРР унёс вялікі ўклад у развіццё Беларусі - адзначыў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. Вось, да прыкладу, грошы банка ўдзельнічаюць у развіцці аднаўляльнай энергетыкі: 4 біягазавыя ЦЭЦ з'явяцца на Гродзеншчыне і Брэстчыне. У Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці неўзабаве пабудуюць новыя лініі па сартаванні смецця. Для беларускай сталіцы сумесна запусцілі праект "Зялёны горад". Найбуйнейшы муніцыпальны крэдыт (гэта больш за 80 млн еўра) - "Мінскводаканалу". У найбліжэйшых планах - рэканструкцыя Мінскай ачышчальнай станцыі. Да праекта рыхтаваліся некалькі гадоў. А ўжо зараз пачынаюць шукаць падрадчыка. Завяршыць усе працы разлічваюць на працягу 6 гадоў.
З Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця гэтая кампанія па панчошна-шкарпэткавай вытворчасці супрацоўнічае з 2012 года. Пачыналася ўсё з кансультацый: разам даследавалі мэтавую аўдыторыю, распрацоўвалі стратэгію прасоўвання брэнда, арганізоўвалі службу маркетынгу. У 2014 годзе ЕБРР вылучыў кампаніі крэдыт да 4 мільёнаў долараў. Усе грошы ўклалі ў мадэльны рад і новыя гандлёвыя плошчы. За сем гадоў кампанія вырасла практычна ў 10 разоў. Пачыналі з пяці магазінаў, сёння іх - 170. А свой трыкатаж экспартуюць у 16 краін свету.
Сёння - гэта не проста бізнес-праект, гэта сацыяльная стабільнасць рэгіёна. Заслаўе, Старыя Дарогі, Слуцк, Узда, Барысаў… Тры з паловай тысячы чалавек штодня працуюць на прадпрыемстве. Яшчэ 400 вакансій вольныя. Пяць гадоў назад пуцяводная нітка прывяла на прадпрыемства і Сяргея Чурэйну. Той выпадак, калі дзеля стабільнасці можна жыць і на два горады.
ЕБРР працягне аказваць падтрымку малому і сярэдняму прадпрымальніцтву. Летась прыкладна 2/3 усяго аб'ёму аперацый прыпала на прыватны сектар. Гэтай прапорцыі банк мае намер прытрымвацца і ў пяцігадовай перспектыве.
Зрэшты, з Беларуссю банк праблем і не меў. Кіраўнік журналістам скажа, гэта адна з прычын, чаму ЕБРР не баіцца крэдытаваць праекты ў нашай краіне.
Таксама ў гутарцы з журналістамі кіраўнік пацвердзіў намер ЕБРР увайсці ў акцыянерны капітал аднаго з беларускіх банкаў. Дарэчы, пазней гэтую тэму прадоўжылі абмяркоўваць і ў Доме ўрада. Прэм'ер адзначыў, наша краіна разлічвае на прытрымліванне балансу інтарэсаў.
Перамовы па гэтым пытанні працягнуць. А пакуль прыступяць да рэканструкцыі аўтадарог М3 і М10 і абнаўленню 60-ці мастоў -пра што дамовіліся сёння. Праз тры гады - чарговае пасяджэнне кіраўніка савета ЕБРР. Сума Чакрабарці раней заяўляў, гэтыя тры гады на такой пасадзе ў яго апошнія. Абранне новага кіраўніка банка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці ў Беларусі. А ўжо сёлета Прэзідэнт запрасіў Чакрабарці прыехаць у Мінск яшчэ раз - наведаць II Еўрапейскія гульні.















