Прэзідэнт Беларусі павіншаваў султана Амана і народ краіны з Нацыянальным днём

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні султану Амана Хайсаму бен Тарэку Аль Саіду і грамадзянам краіны з нагоды Нацыянальнага дня, піша БЕЛТА.
"Гэта свята сімвалізуе мудрасць пакаленняў кіраўнікоў Султаната, народнае адзінства і павагу да гістарычных вытокаў, якія прадвызначылі сённяшнія поспехі краіны", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трывалай асновай для плённага ўзаемадзеяння Беларусі і Амана служаць блізкасць мэтаў, поглядаў і каштоўнасцей, імкненне забяспечыць дабрабыт і бяспеку сваіх грамадзян.
Прэзідэнт падкрэсліў паслядоўнае пашырэнне напрамкаў кааперацыі дзвюх краін. Вясной адбылося першае пасяджэнне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях, якое надало істотную дынаміку развіццю двухбаковых сувязей. "Разлічваю, што наступны год, які пройдзе пад знакам 35-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Мінскам і Маскатам, будзе напоўнены новымі яркімі праектамі і стане чарговай паспяховай старонкай у гісторыі нашага партнёрства", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будзе рады ў хуткім часе сустрэцца з Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам для працягу даверлівага дыялогу, прадметнага абмеркавання вынікаў праведзенай работы і будучых планаў.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў Султану Амана далейшых дасягненняў на чале дзяржавы, а грамадзянам краіны - міру і росквіту.







