3.64 BYN
3.04 BYN
3.57 BYN
Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з удзельнікамі і дэлегатамі дзіцячага "Еўрабачання"
"Пераможа толькі наймацнейшы!" - з такімі словамі Прэзідэнт сёння звярнуўся да ўдзельнікаў і дэлегатаў дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне" падчас сустрэчы з імі ў Палацы Незалежнасці.
Але спачатку маладых талентаў чакаў сюрпрыз: невялікая экскурсія па палацы. Вядома, што над інтэр'ерамі сімвала беларускай дзяржаўнасці працавалі менавіта нашы майстры. А вось сярод падарункаў-экспанатаў ёсць і творы мастацтва з самых розных куткоў планеты. У тым ліку з краін, прадстаўнікі якіх сёння сталі гасцямі палаца. Нягледзячы на юны ўзрост, дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся з ужо гістарычнымі заламі, дзе праходзілі самыя значныя міжнародныя форумы. Сённяшніх наведвальнікаў яны таксама зацікавілі з прафесійнага пункта погляду: як не праверыць акустыку Палаца Незалежнасці?
Для многіх юных гасцей гэта першыя крокі ў знаёмстве з нашай краінай. Больш за тое, вядома, што для некаторых з удзельнікаў гэта і зусім першая замежная паездка. Уражанні ва ўсіх самыя яркія.
Ну, а самым прыемным дадаткам да экскурсіі стала асабістая сустрэча з Прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка сустрэў творчую моладзевую дэлегацыю ў зімовым садзе Палаца Незалежнасці. Падчас лёгкай і шчырай размовы знайшлося месца і тэме сур'ёзнай канкурэнцыі. Галоўнае, каб пераможца быў вызначаны справядліва, падзяліўся сваім меркаваннем Прэзідэнт.
На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі, дэлегаты і арганізатары конкурсу зрабілі Аляксандру Лукашэнку невялікі падарунак - сімвалічны галоўны прыз дзіцячага песеннага конкурсу. Гэта мікрафон з празрыстага шкла з каляровымі лініямі, якія сімвалізуюць патокі гуку. А вось хто стане ўладальнікам арыгінальнай узнагароды, мы даведаемся ўжо ў гэтую нядзелю, калі на "Мінск-Арэне" адбудзецца фінал дзіцячага "Еўрабачання". Сёлета павышаная канкурэнцыя. Еўрапейскі Вяшчальны Саюз быў вымушаны змяніць правілы ў сувязі з вялікай колькасцю заявак. У выніку ў Беларусь прыехалі прадстаўнікі 20 краін, і гэта рэкорд у гісторыі конкурсу.