Прэзідэнту прадставілі новую схему фінансавання паставак мінеральных удабрэнняў у сельгасарганізацыі

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падчас нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў прадставілі абноўленую схему фінансавання пастаўкі ўдабрэнняў у сельгасарганізацыі, інфармуе БЕЛТА.
Гаворачы пра палітыку дзяржавы ў аграрнай сферы, Прэзідэнт запэўніў, што падтрымка вяскоўцаў будзе прадоўжана - пытанне толькі ў жорсткім кантролі за механізмам і аб'ёмамі такой падтрымкі. "Урад фарміруе штомесячныя графікі закупак удабрэнняў па абласцях і вызначае крыніцы фінансавання. Гэта рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, уласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў і крэдытныя рэсурсы на льготных умовах перш за ўсё", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У цэлым карціна па краіне нармальная, сказаў Аляксандр Лукашэнка. "На 1 жніўня выбралі 92 % ад квот мінеральных удабрэнняў. Больш за 90 % - гэта добры ўзровень выбаркі мінеральных удабрэнняў. Разам з тым асобныя рэгіёны на працягу года свае квоты поўнасцю не выкупліваюць. Пад азімую сяўбу па азотнай і фосфарнай групах поўная выбарка толькі ў паловы абласцей. У чым прычына, калі ёсць сыравіна, як вы сцвярджаеце, крыніцы фінансавання вызначаны?" - задаў заканамернае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
У гэтай сувязі ён звярнуў увагу на, па сутнасці, тупіковую сітуацыю, у якой знаходзяцца вытворцы удабрэнняў. Яны трымаюць на складах невыпрацаваныя квоты і не атрымліваюць запланаванай выручкі. "Ні на ўнутраны рынак не забралі, ні на знешні прадаць не могуць. Як я гаварыў раней, у цяперашняй сусветнай сітуацыі прадпрыемствы спакойна маглі б прадаць (удабрэнні. - Заўв. БЕЛТА) на знешнім рынку, прычым па больш высокай цане", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.







