3.64 BYN
3.04 BYN
3.57 BYN
Развіццё беларуска-германскага ўзаемадзеяння сёння абмяркоўваюць у Палацы Незалежнасці
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом Германіі Петэрам Дэтмарам. Падобная практыка рэгулярных сустрэч Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі дыпкорпусу сябе зарэкамендавала - гэта магчымасць правесці рэвізію двухбаковых адносін і вызначыць перспектывы. У апошнія гады ў адносінах афіцыйных Мінска і Берліна адзначаецца актывізацыя кантактаў, асабліва на палітычным узроўні.
У 2015 Мінск наведала канцлер Германіі Ангела Меркель для ўдзелу ў сустрэчы ў "нармандскім фармаце".
Гэтым летам у Беларусь прыязджаў прэзідэнт Германіі, ён прысутнічаў на мерапрыемствах, прысвечаных адкрыццю мемарыяла ў Трасцянцы. Тады ж Аляксандр Лукашэнка і Франк-Вальтэр Штайнмаер правялі двухбаковыя перамовы ў Палацы Незалежнасці.
У апошні час расце і тавараабарот. Германія традыцыйна ўваходзіць у лік найважнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Па выніках 2017 гэтая краіна заняла 4-е месца ў аб'ёме тавараабароту - гэта два мільярды восемсот мільёнаў долараў. ФРГ - партнёр Беларусі нумар адзін у пастаўках высокатэхналагічнага абсталявання, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Словам, ёсць цалкам усе перадумовы для далейшага поўнафарматнага супрацоўніцтва. Беларусь гатовая да яго развіцця ў духу ўзаемапавагі і партнёрства.
Краіны не толькі актывізуюць эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, але і разглядаюць магчымасць стварэння сумесных праектаў у IT-сферы. Нямецкія кампаніі выказваюць вялікую цікавасць да індустрыяльнага парка "Вялікі камень", ужо рэалізуюцца тры праекты. Сёлета ў спіс акцыянераў увайшоў нямецкі лагістычны аператар найбуйнейшага рачнога порта Еўропы. Больш эфектыўным становіцца і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Германіі.