"Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць?" - Лукашэнка раскрытыкаваў уборку лёну ў Шклоўскім раёне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў з рабочым візітам у Шклоўскі раён. Верталёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку на полі сельгаспрадпрыемства "Гавяды-Агра". Пачалася паездка з жорсткай крытыкі, паведамляе БЕЛТА.
Менавіта на гэтым полі сёлета вырошчвалі лён, аднак якасць уборкі гэтай культуры вымушае жадаць лепшага.
"Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму саджаць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе (старшыні Магілёўскага аблвыканкама. - Заўвага БЕЛТА) такога не чакаў. А вам (кіраўніку Мінсельгасхарча і памочніку ў рэгіёне. - Заўвага БЕЛТА) я параіў бы тэорыяй перастаць займацца, а (пачаць займацца. - Заўвага БЕЛТА) канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён - вы яго ўбралі тут? Вы яго загубілі тут".
Звяртаючыся да чыноўнікаў, Прэзідэнт зрабіў выснову: "Гэта сведчыць аб тым, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае Прэзідэнт і дзе каля дарогі бліжэй. А ў мядзведжыя куты вы не заязджаеце. Калі вы рызыкнулі Прэзідэнта пасадзіць на гэта поле, то астатнія ў вас наогул у жудасным стане".
Кіраўніку дзяржавы ў цэлым далажылі аб сітуацыі ў "Гавяды-Агра". Нядаўна тут памянялі кіраўніка. Даложана, што работнікаў, спецыялістаў і тэхнікі ў цэлым хапае. Ёсць толькі запыт на некалькі дадатковых адзінак энерганасычаных трактароў і камбайнаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не праблема - даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэта гаспадарка пры такой рабоце за яе разлічыцца. "Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што яшчэ пабывае ў такіх "мядзведжых кутах". Ён жорстка папярэдзіў чыноўнікаў: "Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць. Інакш размова ў нас будзе апошняя".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на якасць узворвання, апрацоўкі зямлі, каб палі па некалькі гадоў не прастойвалі і не зарасталі травой. "Культура земляробства павінна быць вельмі высокай", - падкрэсліў ён.
Затым кіраўнік дзяржавы прыехаў на малочнатаварны комплекс (МТК) "Гавяды" - гэты пункт на маршруце ён выбраў сам. Яму далажылі аб утрыманні і лячэнні буйной рагатай жывёлы - у гаспадарцы былі сур'ёзныя праблемы ў гэтым плане. Адзначаліся і недахопы з забяспечанасцю ўласнымі кармамі, у выніку чаго ўтварыўся недабор па надоях. Цяпер удалося нармалізаваць сітуацыю, мінімізаваць падзеж. Ёсць добрыя разлікі на ўраджай кукурузы, у выніку чаго і забяспечанасць кармамі будзе вышэйшая.
Аляксандр Лукашэнка дэталёва распытаў аб сітуацыі кіраўніка МТК №1 "Гавяды" Алену Марыуцэ і ў цэлым даў станоўчую ацэнку. "Малайчына. Яна разумее, чалавек валодае поўнасцю становішчам", - сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да нядаўна назначанага дырэктара ААТ "Гавяды-Агра" Аляксея Ладнова, кіраўнік дзяржавы даў некалькі практычных парад, як дзейнічаць і выбудоўваць работу ў гаспадарцы ў цэлым. "Ніякай дармаплаты тут быць не павінна. Калі не будзе дысцыпліны, то нічога тут не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.







