3.69 BYN
3.00 BYN
3.49 BYN
Уборка лёну ў Мінскай вобласці набліжаецца да фінішу
Нарыхтавана амаль тры з паловай тысячы тон гэтай культуры. Сыравіна найперш патрэбна льнозаводам. Ад якасці трасты напрамую залежыць вытворчасць льняной прадукцыі. Надзея Сербіненка адправілася ў Слуцк і ўбачыла, як нарыхтоўваюць і перапрацоўваюць адну з самых складаных для вырошчвання культур.
Слуцкі льнозавод - самы буйны па вырошчванні і нарыхтоўцы валакна ў Мінскай вобласці. Сваіх плошчаў з лёнам-даўгунцом тут больш за тры з паловай тысячы гектараў. І размяшчаюцца яны адразу ў чатырох раёнах вобласці.
На адным з палёў, дзе якраз зараз ідзе актыўнае церабленне лёну, нас сустрэў галоўны аграном завода Уладзімір Кот. Па яго словах, на ўраджай гэтай культуры сёлета моцна паўплывала надвор'е - не хапіла вільгаці ў перыяд хуткага росту.
Вырошчванне лёну - працэс працаёмкі. Усяго трэба выканаць каля дзесяці розных відаў работ: ад сяўбы насення, апрацоўкі глебы да цераблення ці скошвання лёну і яго далейшай вылежкі. Стужкі лёну роўнымі радамі выкладваюць на палі, каб ён прасох і набыў неабходныя ўласцівасці. Ад гэтага таксама залежыць якасць валакна.
Большую частку лёну з палёў Мінскай вобласці - каля 80 % - ужо выцерабілі. Зараз даўгунец праходзіць некалькі этапаў апрацоўкі на заводзе. Яго ачышчаюць ад трасты, сартуюць па даўжыні і скручваюць у рулоны.
Вось так выглядае гатовае льновалакно. Каб трапіць сюды з поля, яму спатрэбілася некалькі тыдняў. І вось такі паўфабрыкат адправіцца на Аршанскі льнокамбінат, дзе з яго зробяць тканіну.
Некалькі гадоў таму завод прайшоў маштабную мадэрнізацыю. Усталявана сучасная лінія апрацоўкі лёну. Вытворчасць стала безадходнай - з кастры атрымліваюць паліўныя брыкеты. Лён са слуцкіх палёў адпраўляюць і на экспарт - у Кітай, Расію і Польшчу. Самае якаснае валакно атрымліваецца з доўгіх сцяблін, вышыня якіх больш за метр. А кароткія ідуць на мешкавіну і канаты.
Цалкам завяршыць церабленне лёну на заводзе плануюць у верасні. І адразу палі будуць рыхтаваць да сяўбы гэтай культуры.