3.70 BYN
2.93 BYN
3.41 BYN
У беларускіх лясах пачалася ўборачная
Да палявых работ аграрыі яшчэ толькі рыхтуюцца, а вось у беларускіх лясах пачалася ўборачная. У лясгасах краіны актыўна ідзе збор насення сасны, елкі і лістоўніцы. Працэс працаёмкі і патрабуе асаблівага падыходу. Шышкі на спецыяльных плантацыях збіраюць уручную і адпраўляюць на перапрацоўку на насенныя міні-заводы. Як ствараецца стратэгічны лясны фонд краіны - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.
На 22 гектарах хвойнай плантацыі ва Уздзенскім раёне гарачая пара. Мясцовыя леснікі пачалі нарыхтоўку шышак. Марознае надвор'е толькі спрыяе збору. Плады шчыльна закрытыя, а значыць, ні адно зярнятка не прападзе. Збіраюць шышкі як уручную з паваленых дрэў, так і пры дапамозе тэхнікі.
Збор шышак на плантацыях - гэты толькі пачатак працэсу папаўнення стратэгічнага запасу насення. Не меней адказная задача - выняць з шышак насенне. У Шчучынскім раёне гэтая тэхналогія цалкам аўтаматызаваная. Спачатку плады праходзяць сартаванне, затым адпраўляюцца ў спецыяльную камеру для сушкі.
Наступны этап - вытрасанне насення з шышак. Ён таксама праходзіць без удзелу чалавека. Затым праверка якасці. Аказваецца, не ўсё насенне здольнае даць парасткі. Такія ў спецыяльнай гравітацыйнай усталёўцы проста выбракоўваюцца.
Данута Панасевіч, аператар лесанасеннага цэха Шчучынскага лясгаса: "Машына завецца гравітацыйны сепаратар, дзе адбываецца падзел насення на поўнае і пустое насенне. Тут падае поўнае насенне, а тут пад струменем паветра падае пустое насенне. У залежнасці ад ураджаю шышак, якія шышкі, дзесьці з кілаграма насення 5 % пустога насення".
Захоўваецца насенны фонд у спецыяльнай халадзільнай камеры. Тут сабраны пасадачны матэрыял з усіх лясгасаў Гродзенскай вобласці. Пры тэмпературы ад нуля да мінус двух градусаў зярнятка можа чакаць пасеву да пяці гадоў. Даўжэй, сцвярджаюць спецыялісты, захоўваць насенне нельга - зніжаецца ўсходжасць.
Магутнасці цэха дазваляюць перапрацоўваць за сезон, які доўжыцца са снежня па сакавік, да 120 тон шышак.
Нарыхтоўка насеннага матэрыялу - справа клапотная і працаёмкая. Да прыкладу, вось у гэтых кантэйнерах знаходзіцца паўтоны шышак. Пасля ўсіх маніпуляцый - сушкі, лузання - з іх на выхадзе атрымаецца ўсяго каля 5 кілаграмаў насення.
Над стварэннем стратэгічнага запасу насення сасны, елкі і лістоўніцы ў Шчучыне працавалі некалькі гадоў. Затое зараз гэтых аб'ёмаў досыць, каб забяспечыць рэгіён якасным матэрыялам лесапасадкі як мінімум на пяць гадоў.















