3.67 BYN
2.98 BYN
3.46 BYN
У краінах ЕАЭС актыўна абмяркоўваюць вынікі пасяджэння Вышэйшага эканамічнага савета
Вынікі пасяджэння Вышэйшага эканамічнага савета, які прайшоў напярэдадні ў Пецярбургу, сёння актыўна абмяркоўваюць у краінах ЕАЭС. У наступным годзе ў аб'яднання першы юбілей - пяць гадоў, і самы час разабрацца, дзе дасягнулі поспеху, а дзе маглі лепш. За гэтыя гады пабудаваць работу цалкам на роўных да канца так і не ўдалося. Крокі зроблены нямалыя, але вось перашкод для гандлю і капіталу больш чым хапае. Менавіта безбар'ернае эканамічнае асяроддзе пакуль найбольш праблемнае пытанне ЕАЭС.
Медыя актыўна абмяркоўваюць дыскусію прэзідэнтаў па газавых тарыфах. Адзіны рынак нафты і блакітнага паліва павінен запрацаваць да 2025 года. Але каб паспець, неабходна ўжо рабіць канкрэтныя крокі. І тут Беларусь настойвае на вырашэнні ўсіх пытанняў і выкананні ўсіх дамоўленасцяў, што ляжаць у аснове саюза. Мы ў адзінай сістэме рыначных каардынат, а значыць і стартавыя ўмовы павінны быць у бізнесу аднолькавыя. А выраўнаваць іх можна толькі, зраўнаваўшы цану на блакітнае паліва для ўсіх удзельнікаў ЕАЭС. Без роўных умоў не можа быць паўнавартаснага саюза. І ўсё ж кампраміс знойдзены. Бакі падпісалі праграмы і дамовіліся недахопы ліквідаваць.
І тым не менш, нягледзячы праблему, якую прызналі на самым высокім узроўні, і неабходнасць яе вырашыць у рамках "еўразійскай "пяцёркі", расійскія СМІ палічылі за лепшае гэта не заўважыць, а вынесці на перадавіцы гучныя загалоўкі аб тым, што Мінск таргуецца за танны газ. Гэтае відавочнае глупства не засталося незаўважаным сур'ёзнымі экспертамі. Бо часта, каб дакапацца да ісціны, неабходна глядзець шырэй і не шукаць сенсацыі там, дзе яе няма.
Наўрад ці журналісты пяці краін ЕАЭС чакалі такога насычанага парадку дня на пасяджэнні лідараў Еўразійскага саюза ў Піцеры. Канец года - зверка гадзінніка і прагляд статыстыкі. Так, паказчыкі ідуць уверх. ВУП нашых краін павялічыўся больш як на 2 %, расце сельская гаспадарка і прамысловасць. І не - гэта не вынік сумесных дзеянняў, хутчэй, інерцыя сусветных рынкаў. Бо прапісныя ісціны Мытнага кодэкса і іншых пагадненняў на справе працуюць з вялікімі агаворкамі. Паняццю "ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя" ў саюзе не месца. Агульныя праблемы вырашаюцца разам, таму Аляксандр Лукашэнка і вынес фактычна на ўсеагульнае абмеркаванне пытанне эканамічнага раўнапраўя. Для прэсы - унікальная магчымасць пачуць тое, аб чым палітыкі гавораць за зачыненымі дзвярамі. Зрэшты, не ўсе нашы калегі зразумелі або не захацелі зразумець сапраўдны пасыл слоў Прэзідэнта, што спарадзіла вось такія загалоўкі.
Прыкра за калег, якія гучнымі словамі перакрэслілі ўсю сутнасць размовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Дастаткова проста ўважліва паслухаць словы беларускага лідара і ўсё стане на свае месцы.
Няроўная канкурэнцыя - галоўная праблема ЕАЭС. І гэта куды глыбей, чым загалоўкі пра "Лукашэнка патрабуе танны газ". Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Такі эканамічны прынцып ЕАЭС - мы будуем агульны рынак, без бар'ераў, фінансавых сцен. Але, скажам, як прадпрыемства з Віцебскай вобласці можа змагацца за кліента з вобласцю Смаленскай. Адлегласць - рукой падаць, а цана газу адрозніваецца ўдвая - 129 долараў супраць 70 за тысячу кубаметраў, а гэта адлюстроўваецца і на гатовай прадукцыі. І да 2025 года, калі пачне працаваць адзіны рынак энергарэсурсаў, сітуацыя можа значна ўскладніцца.
Яшчэ больш разляцеўся на загалоўкі прыклад Уладзіміра Пуціна з пастаўкай блакітнага паліва для ФРГ. Маўляў, Германія ж плаціць 250 долараў. А рыначная для Беларусі па-добраму была б мінімум 200.
І тут акулы пяра і сенсацый угледзелі таемныя знакі, маўляў, Мінск альбо атрымае жаданае, альбо выйдзе з саюза. А ісціна нават не побач - на паверхні. Роўны саюз - роўныя ўмовы.
Ад Новага Урэнгоя - газавага цэнтра еўрапейскай часткі Расіі - да Берліна больш за 5 тысяч кіламетраў. Адлегласць вялікая, ад гэтага расце і цана - транспартныя выдаткі з'ядаюць усю суму. Але куды даўжэйшая гістарычная адлегласць Масквы і Берліна - яе выдаткамі не пакрыеш. Наша краіна заўсёды гаварыла адкрыта: давайце будаваць саюзны падмурак еўразійскага дома, каб разам, а не замест. Але выстаіць ён толькі тады, калі ўсе пяць удзельнікаў ЕАЭС зробяць свой ўнёсак і нікога не забудуць або пакрыўдзяць.
Шмат у чым ад журналістаў адрозніваецца расійскі vox populi - голас народа. Невыпадкова грамадзяне братэрскай рэспублікі назвалі ў апытанні менавіта Беларусь самым надзейным партнёрам. І ў пасяджэнні Еўразійскай камісіі многія ўгледзелі стойкасць і дакладную пазіцыю Прэзідэнта Беларусі. Дарэчы, рэйтынг даверу ў беларускага лідара ў Расіі амаль 70 %.
Ёсць і яшчэ адно пытанне, якое лепш вырашыць перад першым юбілеем ЕАЭС. Не толькі сыравінная, але і "сырная" эканоміка агульнага саюзнага дома - прадукты таксама знаходзяцца пад ударам экспартных забарон.
У цэлым такая гарачая дыскусія пойдзе ЕАЭС на карысць. Лепш адразу за круглым сталом перамоў адкрыта абазначыць усе вострыя вуглы, як гэта робіць Аляксандр Лукашэнка на сустрэчах з калегамі. І як паказвае практыка, пытанні ўдаецца вырашыць шляхам дыялогу. Але ніяк не рэзкімі загалоўкамі ў СМІ, да таго ж далёкімі ад сутнасці праблем. Па-журналісцку гэта проста непрафесійна ды і шкодзіць нашай агульнай справе – моцнаму Еўразійскаму саюзу.















