Беларускія вайскоўцы дапамагаюць аграрыям на палях Іўеўскага раёна
Вайскоўцы Узброеных Сіл Беларусі дапамагаюць аграрыям Гродзенскай вобласці ва ўборачнай кампаніі. Ваенная тэхніка працуе на палях Іўеўскага раёна.
За рулём грузавікоў працуюць прадстаўнікі некалькіх механізаваных, жалезна-дарожнай і дарожна-маставой брыгад. Толькі за тыдзень яны перавезлі каля 300 т збожжа.
Дапамога вайскоўцаў стала сур'ёзнай падтрымкай для гаспадарак. Акрамя таго, ваеннымі камісарамі працягваецца рэалізацыя даручэння Галоўнакамандуючага, агучанага на селектарнай нарадзе.
Уладзімір Жэбрык, ваенны камісар Іўеўскага раёна:
"Ёсць грамадзяне, якія злоўжылі спіртнымі напоямі і не выйшлі на працу альбо знаходзіліся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Мы выязджаем непасрэдна ў гаспадаркі, размаўляем з людзьмі, тлумачым важнасць іх працы. Таксама папярэджваем пра наступствы, якія чакаюць тых, хто не хоча належным чынам выконваць свае абавязкі".
Дадатковыя машыны дазваляюць паскорыць тэмпы работ. Вайскоўцы дапамагаюць аграрыям ужо трэці год запар, працуючы плячо ў плячо з мясцовымі механізатарамі.







