ЗША працягваюць наносіць удары па Іране

У ноч на 24 ліпеня ЗША правялі чарговы, 13-ты па ліку пасля спынення перамір'я пуск ракет па цэлях у Іране. Як паведамляецца, аб'ектамі атакі сталі пускавыя ўстаноўкі, а таксама абаронныя будынкі арміі і Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Амерыканцы абяцаюць таксама пакараць хусітаў, якія аб'явілі вайну танкерам Саудаўскай Аравіі і практычна далі старт актыўнай фазе блакады выхадаў у акіян з Чырвонага мора.
Дональд Трамп заявіў, што любыя спробы блакады Баб-эль-Мандэбскага праліва будуць самым жорсткім чынам спыняцца. Пасля жалобнага мерапрыемства, падчас якога 4 трупы амерыканскіх вайскоўцаў былі перададзены родным, Трамп сказаў, што справы на Блізкім Усходзе ідуць для ЗША вельмі добра.

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША:
"Адна газета напісала, што сёння іранцы знаходзяцца ў больш моцнай пазіцыі, чым чатыры месяцы таму. Гэта няпраўда! Я не магу паверыць, што ім наогул дазволена гэта гаварыць! New York Times напісала, што Іран знаходзіцца ў больш моцнай пазіцыі! У іх няма арміі. У іх няма флоту. У іх было 159 караблёў, і ўсе на дне мора. У іх было 212 самалётаў, і ўсе знішчаны. У іх няма радараў. Яны нічога не бачаць. Яны, вядома, злыя і разумныя, і ў іх яшчэ ёсць нейкія магчымасці. Але паверце: раней яны былі нашмат, нашмат мацнейшыя, гэта праўда!"
Трамп настойвае, што вайна для Злучаных Штатаў праходзіць неверагодна паспяхова: падчас цяперашняга канфлікту загінулі толькі 18 амерыканскіх вайскоўцаў, тады як у В'етнаме дзясяткі тысяч, гаворыць ён. Між тым вядома, што колькасць параненых салдат ЗША ўжо пераваліла за тысячу.
Тым часам кошт нафты Brent ізноў вырас, пераадолеўшы псіхалагічную мяжу ў 100 долараў за бараль.







