3.78 BYN
2.82 BYN
3.32 BYN
Культурныя падзеі сталіцы ў рубрыцы "Праменад"
Міжнародны дзень музыкі адзначаецца сёння! У гэтыя хвіліны гучыць фартэпіяна - у Мінску бясплатны канцэрт музыкантаў-аматараў. А праз гадзіну - прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну. Тэатр Горкага дае мюзікл у гонар песняра. Дынамічным будзе і мастацкае жыццё ў выхадныя. Наша здымачная група распрацавала маршрут для арт-візуалаў. Падрабязнасці ў "Праменадзе".
Французскі арт-флёр працягвае лунаць у сталічных галерэях. На змену казкам ілюстратара Гюстава Дарэ - "страсці" Тулуз-Латрэка. Філіял "Мулен Руж" адкрываюць менавіта ў гэтыя хвіліны ў галерэі Савіцкага.
Прэміум-паказ літаграфій з прыватных еўрапейскіх калекцый. Доступ толькі тым, каму 18+. Нашумелую мішуру Манмартра тут даюць без цэнзуры. Прадстаўнік творчай эліты Парыжа 19-га стагоддзя Тулуз-Латрэк рабіў графічныя рэпартажы з закулісся "Мулен Ружа". Быў і піяршчыкам. У Мінску - афішы гастроляў знакамітага начнога клуба.
Тулуз-Латрэк у дуэце з трыма дзясяткамі беларускіх мастакоў. Многія фантазіравалі спецыяльна для выставы - і адразу ў стылі Латрэка. Эпатажныя працы беларусаў даступныя для продажу.
Акрамя хатняй галерэі, можна абнавіць і кніжную паліцу. У продаж паступілі 700 асобнікаў альбома "ЛітАрт". Мастацтвазнаўцы сабралі ў кнізе падрабязную біяграфію аднайменнага аб'яднання, якое ўжо 20 гадоў праектуе шрыфты і ўводзіць каліграфію ў ранг вядучых мастацтваў краіны. Акрамя навуковых артыкулаў і разважанняў, на старонках паўнавартасная экспазіцыя майстроў - ад знакаў Францыска Скарыны да сучасных лагатыпаў кампаній і арт-плакатаў.
Кнігу прэзентуюць зараз у Палацы мастацтваў у інтэр'ерах новага праекта да юбілею фатографа Марыны Бацюковай. Канцэптуальныя "ТыЯ" аб'ядналі тры серыі партрэтаў. Сакральную прастору храма, дзяцей з парушэннем слыху, ідэнтычнасць беларусаў. Працы аб'ядноўвае аўтарскі канцэпт.
Выстава закрывае маштабны фестываль мастацтва "Арт-Мінск". Гэта значыць, што 6 выставачных залаў хутка прымераць на сябе новыя карціны.
Змяняюць экспазіцыі і ў залах Нацыянальнага мастацкага. Побач з манументальнай карцінай "Маленне аб чашы" Яна Дамеля - пяць дзясяткаў у прамым сэнсе свежых палотнаў. Майстры з Беларусі, Расіі і Малдовы намалявалі іх за два тыдні ў рамках пленэра, прысвечанага мітрапаліту Філарэту.
Гэта візуальны вынік міжнароднага пленэра "Святасць зямлі беларускай". Шосты форум правялі пад брэндам Года народнага адзінства. Мастакі на працягу месяца жылі пад Івянцом. І па-за майстэрнямі алеем фіксавалі "Знак божы", царкву святога Мікалая і мясцовыя малітвы. Палотны ўпершыню на публічным аглядзе.
Усе карціны пленэра выкупленыя мецэнатам. Але пакуль іх экспануюць разам з дзіцячымі малюнкамі. "Погляд знізу" на мітрапаліта Філарэта, убранне храмаў і духоўную тэматыку адлюстравалі дзеці ў рамках рэспубліканскага конкурсу.
І ўсе гэтыя выставы адкрываюцца шырокаму гледачу менавіта ў гэтыя хвіліны. Паспейце сёння або падчас выхадных стаць першым, хто ацэніць аўтарскі погляд на знаёмыя рэчы. Пашырыць свой арт-маршрут зможаце з дапамогай сайта Белтэлерадыёкампаніі.















