3.74 BYN
2.94 BYN
3.42 BYN
Рубрыка "Праменад"
Выхадныя ў фармаце опен-эйр у Верхнім горадзе з нацыянальнымі святамі Польшчы і Літвы, а таксама 6 выстаў у Палацы мастацтва. Як нясумна правесці ўікэнд - ведае Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".
Адразу 6 мастацкіх аўтарскіх экспазіцый адкрыліся ў Палацы мастацтва, які з'яўляецца творчай выставачнай пляцоўкай Беларускага саюза мастакоў. Лепшыя прадстаўнікі айчыннай школы жывапісу, графікі і скульптуры пад адным дахам Рэспубліканскай мастацкай галерэі.
Адна з выстаў прысвечана 55-годдзю мастака з Маладзечанскага раёна Уладзіміра Тамашэвіча. Ён працуе ў галiне станковага жывапiсу ў жанры пейзажу i абстрактнай графiкi. Тамашэвіч – яскравы прадстаўнік беларускай мастацкай школы з пастэльнымі шэра-блакітнымі колерамі, характэрным почыркам і настроем.
Беларускую скульптуру дэманструе беларускі мастак Віктар Мінко, які працуе ў стылі сюррэалізму.
Віктар Мінко натхняецца творчасцю Босха, Магрыта, Бексіньскага. Любімы напрамак творчасці скульптара – сюррэалізм. Асноўны матэрыял, з якім працуе Віктар, – бронза. Творчае крэда: самаідэнтыфікацыя праз пошук незвычайнага ў звычайным. На выставе прапанаваныя амаль 20 лепшых скульптурных кампазіцый з бронзы і граніту, выкананых мастаком за ўвесь перыяд сваёй творчай дзейнасці.
Кожныя выхадныя Верхні горад запрашае на канцэрты і мерапрыемствы ў фармаце опэн-эйр. Заўтра, у суботу, свята літоўскай культуры з адпаведнай музычнай праграмай, аўтэнтычнымі касцюмамі і нацыянальнымі прысмакамі.
Літоўскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з аўтарскай апрацоўкай дрэва, вязанне, вышыўка і выраб лялек. Жывапісныя выставы, дэманстрацыя адзення літоўскіх дызайнераў і музычны напрамак «Джаз у Літве». Усё гэта 4 жніўня з гадзіны да пяці ля ратушы.
У нядзелю на плошчы Свабоды - Дзень Польшчы ў Мінску, якая сёлета адзначае 100-годдзе аднаўлення незалежнасці.
У музычнай праграме ад хэдлайнераў з Польшчы свінг, танга, даваенны польскі джаз у сучасных аранжыроўках, а таксама выступленне самых папулярных польскіх груп. Аматараў спорту чакае новая папулярная гульня рынга, а ад шэф-кухараў майстар-класы па прыгатаванні такіх нацыянальных страў, як журэк, флячкі, бігас.
Нагадаю, што да канца жніўня суботнія вечары можна правесці ў музычнай атмасферы гарадскога фэсту "Класіка ля ратушы".
Нясумных выхадных!