Танцавальныя навагоднія падарункі ад Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў
Карагод калядных спектакляў дорыць Барысаўская дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў! Тэматычныя пастаноўкі, мюзіклы, "жывыя" інсталяцыі зімовай казкі - усё гэта стварае чароўную атмасферу. Навучальная ўстанова ладзіць харэаграфічныя паказы не толькі на святы.
Юныя артысты актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у раённых, абласных і міжнародных фестывалях і конкурсах.
Казачнае каралеўства танца наведала Ларыса Гулякевіч.
Змена сцэнічных вобразаў і складаныя піруэты - асноўнае захапленне пяцікласніцы Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў - Асоль Янушкевіч. Заняткі па танцах з задавальненнем наведвае з панядзелка па пятніцу. Сваю будучыню таксама плануе звязаць з харэаграфіяй, але з народнай.
Да калядных святаў тут падрыхтоўка асаблівая! У фае кожнага паверху школы - жывыя інсталяцыі. Домікі, чаравічкі, ёлачныя шары і ўпрыгажэнні. Дробязі, якія захаваліся ў сувенірах і навагодніх цацках, зроблены з парчы і аксамітных лапікаў былых касцюмаў.
Ала Руткоўская - першы педагог навучальнай установы, якую яна ўзначальвае больш за 35 гадоў. За плячыма - адукацыя ў каледжы мастацтваў, універсітэце культуры - аддзяленне харэаграфіі. Увогуле, танец - яшчэ з дзяцінства - самая гарманічная форма самавыяўлення.
Танец як лёс. Усё жыццё яна прысвяціла харэаграфіі. Яе каралеўства - харэаграфічная школа мастацтваў, якая славіцца на ўвесь рэгіён. Тут вывучаюць не толькі танцавальныя па: батман тандзю, фуэтэ, тут загартоўваюць характар і выхоўваюць гарманічную асобу.
Педагог Марыя Замжыцкая - выпускніца гэтай школы, пасля Універсітэта культуры і мастацтваў вярнулася ў родны Барысаў выкладаць сучасную харэаграфію.
Важны элемент поспеху танцавальнага шоу - каларытныя вобразы - ад мясцовага касцюмера Інэсы Філіповіч. Іх яна стварае для навучэнцаў школы амаль12 гадоў.
Харэаграфічныя спектаклі, казачныя паказы і канцэртныя праграмы ў Барысаўскай харэаграфічнай школе не толькі па святах. Маленькія артысты розных узростаў актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у раённых, абласных і міжнародных фестывалях і конкурсах. Частыя госці "Славянскага базару".
Атмасфера павагі і падтрымкі, працаздольнасці, узаемавыручкі, уменне ўбачыць і раскрыць юныя таленты. Усё - у вялікай творчай сям'і. Наперадзе - карагод новых выступленняў і перамогі ў харэаграфічных спаборніцтвах.







